Общество

Алесь Бяляцкі стварае Фундацыю для барацьбы з глабальным крызісам правоў чалавека

Пасля вызвалення і прымусовага выдварэння з Беларусі старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі абвясціў пра стварэнне Фундацыі Алеся Бяляцкага (The Ales Bialiatski Foundation).

Новая арганізацыя будзе працаваць на стратэгічным скрыжаванні правоў чалавека, мірабудаўніцтва і рэгіянальнай бяспекі, узмацняючы глабальны праваабарончы альянс ва ўмовах беспрэцэдэнтнага геапалітычнага крызісу, паведамляе Вясна.

Фота: Stina Stjernkvist/Right Livelihood Foundation

 

Сёння рэгіён Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі сутыкнуўся з глыбокім крызісам: поўнамаштабная вайна вярнулася ў Еўропу, Украіна змагаецца за выжыванне, а ўнутры Беларусі і Расеі цалкам знішчаная прастора для грамадзянскай супольнасці, і гэтая тэндэнцыя тычыцца ўсё большай колькасці краін — сітуацыі ў Кыргызстане, Грузіі выклікаюць усё большую занепакоенасць. Актывісты, журналісты і адвакаты паўсюль сутыкаюцца з рэпрэсіямі, турмой і выгнаннем.

Аднак стваральнікі фонду падкрэсліваюць, што крызіс — не толькі рэгіянальны, але і глабальны. Палярызацыя і антыправавыя наратывы размываюць ўніверсальнасць права ва ўсім свеце, што патрабуе прынцыпова новага лідэрства і стратэгій.

Чаму Фундацыя ствараецца менавіта цяпер?

Заснавальнік арганізацыі Алесь Бяляцкі тлумачыць перадумовы ўзнікнення ініцыятывы:

– Калі я вярнуўся на свабоду ў канцы 2025 года, то ўбачыў перайначаны свет, напоўнены глыбокай глабальнай нявызначанасцю. У першыя месяцы пасля вызвалення я кансультаваўся з калегамі з Правааарончага цэнтра «Вясна», лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру, дзясяткамі лідараў грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі. Я сустрэўся з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека і шэрагам кіраўнікоў дзяржаў.

Я размаўляў з даўнімі калегамі праваабаронцамі з усяго свету. Гэтыя размовы пацвердзілі патрэбу стварэння новых форм супрацоўніцтва і маральнага лідарства. Вось чаму я стварыў у Польшчы новую арганізацыю. Я прысвячу ёй свой час, сваю энергію, сваю сетку кантактаў і частку сродкаў, атрыманых ад Нобелеўскай прэміі.

Чым будзе займацца новая арганізацыя?

Новая арганізацыя засяродзіцца на стратэгічных і глабальных выкліках і задачах, а яе дзейнасць будзе будавацца на скрыжаванні пяці ключавых кірункаў: правы чалавека, міратворчасць, міжнароднае правасуддзе, устойлівасць грамадзянскай супольнасці і чалавечае вымярэнне рэгіянальнай бяспекі.

Арганізацыя будзе актыўна адстойваць прынцыповыя і паслядоўныя падыходы да міжнародных праваабарончых механізмаў, а таксама аператыўна рэагаваць на сістэмныя і экзістэнцыяльныя пагрозы міжнароднаму праву.

Сярод важных прыярытэтаў — прасоўванне інавацыйных мадэлей глабальнай падсправаздачнасці і абароны правоў, а таксама супрацьстаянне пагрозе транснацыянальных рэпрэсій, якая расце.

Асаблівую ўвагу Фонд плануе ўдзяляць развіццю міжпакаленнага дыялогу, падтрымцы міжнароднага маладзёжнага і грамадзянскага лідарства. Праз сістэму спецыяльных стыпендый, ментарства і маладзёжную прэмію Алеся Бяляцкага, арганізацыя будзе забяспечваць новых лідараў неабходнымі навыкамі, міжнароднымі сеткамі кантактаў для эфектыўнай працы нават ва ўмовах геапалітычнага крызісу.

Пры гэтым нязменным прыярытэтам Алеся Бяляцкага застаецца і падтрымка свабоднай і суверэннай Беларусі.

«Спадзяёмся, што гэта дазволіць нам эфектыўна прасоўваць універсальны падыход да правоў чалавека»

На ролю кіраўніцы па пытаннях стратэгічнага развіцця, адвакацыі і партнёрстваў Алесь Бяляцкі запрасіў экспертку з вопытам работы на кіруючых пасадах у няўрадавых міжнародных арганізацыях, выкладчыцу правоў чалавека і міжнародных адносін у міжнародных універсітэтах, аўтарку шматлікіх даследаванняў у галіне правоў чалавека, даўнюю партнёрку «Вясны» Сашу Кулаеву (Францыя).

«Праца і асоба Алеся Бяляцкага добра вядомыя на міжнароднай арэне, таксама як і яго шматгадовая барацьба за чалавечую годнасць ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій — далёка не толькі ў Беларусі. Алесь ездзіў з працоўнымі паездкамі ў самыя розныя краіны свету, напрыклад, у Егіпет і Марока, у рэвалюцыйны Туніс 2011 года, на Кубу з падтрымкай кубінскіх дысідэнтаў, у ПАР.

Яго ведаюць у Азіі, Лацінскай Амерыцы і на Блізкім Усходзе, не кажучы пра краіны Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Яго голас валодае выключным аўтарытэтам сярод урадаў, міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці. Нашы першыя сустрэчы паказалі, што новая Фундацыя ўжо валодае высокім узроўнем даверу і глабальнай падтрымкі.

Мы спадзяемся, што гэта дазволіць нам разам з калегамі эфектыўна прасоўваць універсальны падыход да правоў чалавека і змагацца супраць палярызацыі, якая пагражае інстытутам і механізмам міжнароднага права, што са складанасцю ствараліся гадамі», — адзначае экспертка.

«Сёння маштаб крызісу патрабуе ад мяне іншага ўнёску»

Алесь Бяляцкі падкрэслівае, што застаецца старшынёй «Вясны», аднак яго асабісты фокус змяшчаецца на міжнародную прастору:

– У няволі я даведаўся пра ўвесь маштаб таго, што адбылося пасля майго арышту: больш за 30 актывістаў «Вясны» і іх сваякоў былі затрыманыя, праведзены 120 вобшукаў і больш за 200 допытаў. Тым не менш, я быў глыбока ўражаны, калі даведаўся, што створаныя намі структуры не зламаліся. «Вясна» здолела пакінуць Беларусь, эвакуяваць сваіх сябраў і аднавіць сваю дзейнасць за мяжой. Сёння яна працягвае сваю місію, маючы міжнароднае прызнанне і падтрымку.

Трыццаць гадоў, за выключэннем часу, які я правёў у турме, я ўзначальваў «Вясну». У апошнія гады я ў асноўным засяроджваўся на стратэгіі, аналізе, глабальнай адукацыі і міжнароднай дзейнасці. Разам з калегамі з «Вясны» я працягваю гэтую важную працу для Беларусі.

Але сёння маштаб крызісу патрабуе ад мяне іншага ўнёску. Я лічу, што павінен больш працаваць на міжнародным узроўні, выкарыстоўваючы маральны капітал Нобелеўскай прэміі міру, міжнародны досвед, атрыманы за гады працы на пасадзе віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, маё сяброўства ў Міжнародным ПЭНе, а таксама досвед, набыты за дзесяцігоддзі барацьбы супраць дыктатуры і палітычных рэпрэсій.

Як сябра сусветнай супольнасці, я адчуваю адказнасць абараняць усеагульнасць правоў чалавека ў момант, калі сама гэтая канцэпцыя знаходзіцца пад пагрозай.