Дракахруст: «Народныя фобіі Лукашэнку зусім не чужыя. Але ў пытаньні мігрантаў ён – воукіст воукістам»

Палітычны аналітык Юры Дракахруст – пра парадокс у дзеяннях правіцеля.

— Цікавы ідэалягічны клэш. Лукашэнку народныя ўяўленьні і нават забабоны і фобіі зусім не чужыя, – піша Дракахруст. – І ў краінах Захаду яму шмат дзе бліжэй правыя папулісты – прывітаньне Трампу.

Але ў пытаньні мігрантаў – воукіст воукістам (воукізм – ідэалогія, заснаваная на абвостранай увазе да пытанняў сацыяльнай справядлівасці, расавай, гендэрнай роўнасці — С.). І нават ня столькі практычна, колькі ідэалягічна.

Юры Дракахруст

У краінах Эўропы цэнтрысцкія ўрады ўсё больш прызнаюць рацыю крытыкаў неабмежаванай міграцыі, дэкляруецца, што міграцыя – гэта праблема. Хаця практычна, па тых ці іншых прычынах, абмежаваць яе атрымліваецца зь пераменным посьпехам, скажам так.

А ў Лукашэнкі – наадварот. Міграцыйны паток у Беларусь хоць і расьце і нават заўважальна, але зусім не адпавядае дэклярацыям кшталту «150 тысячаў пакістанцаў». Цікава, якія карані ў гэтых дэклярацыяў.

Нейкае тлумачэньне – прагматыка, ёсьць недахоп рабочай сілы, яго трэба папаўняць, папаўняць яго палёгкамі «зьбеглым» няма ахвоты. Але такая ж прагматыка ёсьць і ў Эўропе. Ладная частка мігрантаў там не сядзіць на сацыяльнай дапамозе, а кампэнсуе недахоп рабочай сілы і робіць працу, якую ня хочуць рабіць мясцовыя.

Але ў Эўропе ідэалягічны мэйнстрым больш схіляецца да меркаваньня, што міграцыя – гэта  небясьпека. Гэта гавораць ужо ня толькі ўльтраправыя, але і цэнтрысты, адчуваючы грамадзкія настроі.

Якія настроі ў Беларусі – добра паказала грамадзкая рэакцыя на заявы пра «150 тысячаў пакістанцаў». Ну і апытаньні, прычым шматгадовыя, сьведчаць, што да выхадцаў з далёкіх краінаў беларусы не надта талерантныя.

Ці добра гэта – асобнае пытаньне, але варта зафіксаваць, што масавае стаўленьне беларусаў да патоку працоўных мігрантаў ня надта спрыяльнае, як і шмат у якіх краінах Эўропы.

Навошта кідаць ідэалягічны выклік гэтым масавым уяўленьням, настроям, асабліва з улікам таго, што практычная палітыка (прынамсі, пакуль) далёкая ад гэтых шчодрых да мігрантаў рытарычных падаходаў?

Тут ёсьць яшчэ адзін важны аспэкт – гэта пакетнае мысьленьне, уласьцівае многім, калі ня большасьці. Калі вы за «повесточку», то вы, як правіла, і за аднаполыя шлюбы, і за радфэм, і за права на міграцыю, зразуметае вельмі шырока. І наадварот – калі вы супраць аднаго з гэтага набору, то часьцей за ўсё супраць і ўсяго астатняга.

Невідавочна, што розныя пункты гэтага «мэню» зьвязаныя паміж сабой насамрэч, але ў ідэалягічным полі яны аказваюцца зьвязанымі, у «пакеце».

А Лукашэнка як бы разрывае, расьцярушвае гэты пакет. Большая частка элемэнтаў воукісцкага парадку дня яму глыбока чуждыя і нават агідныя. А вось свабодная міграцыя – не.

Магчымае тлумачэньне – у тым, што ён шмат у чым вельмі савецкі чалавек. У дадзеным выпадку гэта не спосаб яго аблаяць. Савецкі сьветапогляд эпохі позьняга СССР таксама быў ідэалягічным пакетам. Ён, у прыватнасьці, уключаў у сябе інтэрнацыяналізм.

Напачатку савецкай эпохі ён грунтаваўся наагул на праекце адзінага чалавецтва «без Россий и Латвий».

Пазьней пляны сталі менш амбіцыйнымі. Але інтэрнацыяналізм захоўваўся, гаварылася, што капіталістычныя дзяржавы, зразумела, кепскія, але народы там добрыя і нам зусім ня ворагі.

У позьнім СССР гэтыя ўяўленьні арганічна спалучаліся з крымінальным артыкулам за гомасэксуалізм і даволі патрыярхальнымі норавамі, якія калі не накідаліся, дык ім прынамсі не перашкаджалі.

Розныя элемэнты  былі складзеныя ў савецкім наратыве інакш, чым у сучасным воукісцкім.

Яшчэ адно магчымае тлумачэньне дэманстратыўнай мігрантафіліі Лукашэнкі – што гэта жэст на адрас глябальнага Поўдня. Заходнія ўрады (і ня толькі ЗША) вядуць з гэтым самым Поўдням размовы пра тое, каб абмежаваць міграцыю ад іх, Захад гатовы нават плаціць за гэта. Поўдзень гатовы размаўляць пра гэта, але бачыць у падобным стаўленьні пэўны расізм.

А тут зьяўляецца лідэр далёкай эўрапейскай краіны, які абвяшчае, што брама яго краіны адкрытая для мігрантаў, што ён ня ставіцца да пакістанцаў ці ўзбэкаў як да непажаданых чужакоў, як да людзей другога гатунку.  Як той казаў, дробязь, але прыемна.