«Гэта быў першы выпадак пасьля распаду СССР, калі палітпрытулак быў прадстаўлены грамадзянам былой савецкай рэспублікі»

Публіцыст Сяргей Навумчык — пра падзеі 30-гадовай даўніны, якія змянілі статус Беларусі.

Сяргей Навумчык

— 30 гадоў таму, 23 жніўня 1996, мы зь Зянонам Пазьняком атрымалі палітычны прытулак у ЗША, піша Сяргей Навумчык. — Гэта быў першы выпадак пасьля распаду СССР, калі палітпрытулак быў прадстаўлены грамадзянам былой савецкай рэспублікі.

Першая паласа «Нашай Нівы», тут і далей скан kamunikat.org

«Краіна мяняе статус» — напісала «Наша Ніва», сказаўшы, што рашэньне прыняў Дзярждэпартамэнт. Насамрэч, рашэньне прыняла Служба іміграцыі і натуралізацыі Мінюсту — а Дзярждэп ня быў у захапленьні.

Бо гэта сапраўды азначала разварот на 180 градусаў у дачыненьні да Лукашэнкі, зь якім амэрыканцы спадзяваліся параўзумецца (і ня толькі амэрыканцы: у ліпені 1996-га Лукашэнку прымалі з ганаровай вартай у Елісейскім палацы ў Парыжы).

Тым ня менш, пасьля рашэньня Мінюсту, прэс-канфэрэнцыі ў Кангрэсе ЗША і публікацый у вядучых амэрыканскіх СМІ, Дзярждэп быў вымушаны перагледзіць стаўленьне да Лукашэнкі.

«Тыран Беларусі» — пад такім «партрэтным» (у адносінах да Лукашэнкі) загалоўкам пракамэнтавала падзею New York Times.

Працытую пачатак артыкулу: «Беларусь — краіна, праклятая геаграфіяй і гісторыяй. Цягам стагодзьдзяў на яе нападалі Расея, Літва, Польшча (так у тэксьце — Навумчык), яна ледзь зьберагла ўласную мову і пачуцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Цяпер, пасьля таго, як менш чым пяць гадоў таму яна вызвалілася ад Савецкага Саюзу, Беларусь хутка адступае назад да тыраніі пад сваім аўтарытарным лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам.

Агоніі Беларусі рэдка калі прыцягваюць увагу сусьветных палітыкаў. Гэта памылка. Беларусь знаходзіцца паміж Расеяй і Польшчай і мае супольныя межы зь Літвой, Латвіяй і Ўкраінай.

Яна ляжыць геаграфічна дакладна там, дзе напружанасьці паміж Усходам і Захадам могуць узьнікнуць ізноў, калі Расея ня здолее завяршыць пераход да стабільнай дэмакратыі.

Гэта хвалюе — глядзець, як магчымасьць палітычных і эканамічных рэформаў хутка марнее ў адной з новых незалежных краінаў…».

На вялікі жаль, зьмяніўшы стаўленьне да Лукашэнкі, Вашынгтон па-ранейшаму ўскладаў спадзяваньні на «дэмакратычную Расею», што адыграла фатальную ролю. Але гэта — ужо іншая гісторыя.