Для кагосьці гэта наогул не праблема. І манастыр толькі адзін з прыкладаў. Многія купляюць танныя тавары, зробленыя з выкарыстаннем працы зняволеных. Вядома, што IKEA выкарыстоўвала прымусовую працу беларускіх вязняў — але ж крамы іх з-за гэтага ў Еўропе не пазачыняліся.
«Гэта незаконная дзейнасць». Чаму на пяты год вайны не спыняецца гандаль Свята-Елісавецінскага манастыра ў Еўропе?
Филин абмеркаваў з эксперткай у галіне рэлігіі і праваабароны Наталляй Васілевіч, чаму Свята-Елісавецінскі манастыр, вядомы падтрымкай вайны ва Украіне, працягвае свабодна гандляваць у Еўропе. І хто можа паставіць на гэтым шляху заслону.
Свята-Елісавецінскі манастыр з Мінска, вядомы сваёй падтрымкай расійскай агрэсіі, працягвае адпраўляць сваіх эмісараў гандляваць у Еўропу. Найбліжэйшы такі выязны гандаль, як стала вядома Хрысціянскай візіі, мусіць адбыцца прыканцы верасня ў бельгійскім Антвэрпэне.
Аднак адкрыта падобныя абвесткі ўжо не публікуюцца.
Чаму і як такія паездкі наогул магчымыя на пяты год вайны? Ці могуць беларускія актывісты за мяжой паўплываць на тое, каб спыніць і нелегальны гандаль, і прасоўванне пракрамлёўскіх ідэй пад шыльдай беларускага манастыра? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з тэалагіняй, эксперткай у галіне палітыкі і праваабароны Наталляй Васілевіч.
— На вашую думку, чаму гэтыя гандлёва-турыстычныя ваяжы дагэтуль адбываюцца: ці манастыр так паспяхова маскіруецца пад дабрачыннасць, ці ўплыў РПЦ у Еўропе значна большы, чым нам уяўляецца?
— Думаю, што часткова людзі не разбіраюцца ў палітычных пытаннях, жывучы дзе-небудзь на Захадзе. Для іх гэта неактуальна. Хутчэй думаюць у катэгорыях кансьюмерызма, што б прыдбаць прыгожанькага.
А Свята-Елісавецінскі манастыр прапануе тавар, які яны гатовы купляць, не задумваючыся пра сэнс — падтрымку вайны. Альбо сёстры кажуць, што ўсё гэта паклёп і няпраўда.
Купляюць жа не толькі ў РПЦ, а і ў каталіцкіх, і ў пратэстанцкіх храмах. Нават украінцы набываюць прадукцыю Свята-Елісавецінскага манастыра. Бо попыт спараджае прапанову.
— Ці магчыма на гэты паўплываць?
— Дарэчы, сам гэты гандаль — дзейнасць незаконная. І ўжо былі выпадкі, напрыклад, у Італіі, калі мясцовыя ўлады звярталі ўвагу: сёстры з манастыра фактычна займаюцца камерцыйнай дзейнасцю без дазволу, маючы турыстычныя візы. Гэта нямэтавае выкарыстанне выдадзеных віз.
І мы спрабавалі звярнуць увагу розных інстытуцый на гэты аспект. Бо многія беларусы сутыкаюцца з абмежаваннямі, стаяць месяцамі, а то і гадамі на падачу дакументаў — а ім выдаюць візу пад дату паездкі, сочаць, каб маршрут адпавядаў заяўленаму, усяляк кантралююць.
А супрацоўнікі Свята-Елісавецінскага манастыра чамусьці атрымліваюць шматразовыя візы, і вельмі лёгка — нібыта ў іх сваё турагенцтва ёсць, якое гэтым займаецца.
Паўстае пытанне: чаму так? Якая менавіта амбасада выдае дазволы? Чаму польская мытня (а праз Літву, дзе зарэгістраваная і дзейнічае «Хрысціянская візія», сёстры не ездзяць — Ф.) не звяртае ўвагу на тыя ж тавары і зёлкавыя зборы?
Атрымліваецца, што людзі рэгулярна займаюцца незаконнай камерцыйнай дзейнасцю, фактычна правозяць кантрабандныя тавары, не афармляюць належным чынам мытныя дэкларацыі, вывозяць валюту з ЕС — і ніякіх санкцый для іх няма. Выглядае дзіўна і цяжка неяк гэта патлумачыць.
На жаль, нашыя магчымасці, каб складаць афіцыйныя запыты ў дзяржструктуры розных краін, істотна абмежаваныя, у дэмакратычных сілах таксама няма сістэмнай працы ў гэтым накірунку.
Таму мы больш займаемся інфармаваннем грамадскасці і медыя. Збіраем сведчанні, доказы таго, што манастыр стала падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну. Прычым не толькі ідэалагічна, але і матэрыяльна, калі абвяшчае розныя дабрачынныя зборы. Сабрана дастаткова фактаў, што браты гэтага манастыра запісваюцца ў расійскую армію і ідуць на вайну, што кіраўнік «гуманітарнай місіі» Мікалай Гаўрылаў фактычна з’яўляецца камбатантам і дапамагае акупацыйным уладам на Данбасе.
Ёсць сведчанні збораў на дроны, аўтамабілі, медычныя сродкі для салдат РФ.
Дапамагаюць актывісты беларускай і ўкраінскай дыяспар у розных краінах, якія могуць звяртацца непасрэдна да мясцовых уладаў і царкоўных прыходаў. У прыватнасці, у Бельгіі — моцная беларуская суполка, якая можа зрабіць манастырскі гандаль занадта адчувальным для рэпутацыі і кішэні арганізатараў.
Аднак цяпер, распавядае Наталля Васілевіч, сітуацыя ўскладняецца тым, што Свята-Елісавецінскі манастыр сыходзіць ад публічнасці, і знайсці доказы «еўратрыпаў» цяжэй. Так, спам-лісты пра чарговы выязны гандаль рассылаюцца па электроннай пошце на прыватныя адрасы вернікаў — магчыма, тых, хто раней штосьці купляў ці гутарыў з сёстрамі і пакінуў свае кантакты. Таксама нярэдка гандаль ідзе без аніякіх шыльдаў, каб не свяцілася назва манастыра.
Такія гісторыі былі ў Нарвегіі, Польшчы, цяпер у Бельгіі. І часта даведацца пра новы царкоўны кірмаш атрымліваецца толькі дзякуючы самім вернікам, якія звяртаюцца ў праект «Хрысціянская візія» ці ў медыя.
— Яны, можна сказаць, працуюць з праверанай кліентурай, загадзя прымаюць замовы, што трэба везці, каб не цягнуць лішні тавар, — зазначае наша суразмоўніца. — Але ж нават калі пакінуць убаку ідэалагічны складнік, падтрымку вайны і падман людзей, застаецца пытанне элементарнай бяспекі для пакупнікоў.
Калі тавары маюць медыцынскі характар, тыя ж зборы зёлак — мы маем сведчанні, што дрэнна выконваюцца тэхналогіі і рэцэптура, сертыфікацыя не надта належная. Што мяшалі, з чым, якое паходжанне нібыта лекавых рэчываў, не зразумела. То-бок, такія зборы могуць быць шкоднымі для спажыўцоў: вып’е чалавек адвар «ад чагосьці», а наступствы для здароўя будуць сур’ёзныя. Хто будзе несці адказнасць за гэта?
На думку Наталлі Васілевіч, дапамагчы спыніць гэты паток «манастырскай кантрабанды» могуць беларусы, якія ўжо маюць грамадзянства той краіны, дзе цяпер жывуць.
— Можна з дапамогай ШІ, які падбярэ адпаведныя фармулёўкі, скласці зварот да мясцовых уладаў: скажыце, а чаму такое адбываецца? Хто недагледзеў альбо, магчыма, мае долю ў бізнесе Свята-Елісавецінскага манастыра? Гэта цалкам легітымныя пытанні, на якія вам мусяць даць адказ.
Читайте еще
Избранное