Проста гэта стала такой уласцівасцю, атрыбутам жыцця ў Рэспубліцы Беларусь. Мы павінны памятаць, што гэта сімволіка ўведзена даўно, і ўжо выраслі цэлыя пакаленні людзей, якія не ведаюць іншай. Яны прыйшлі ў школу і ім адразу пачалі расказваць пра радзіму-Беларусь і пра гэтую сімволіку.
Ластоўскі: «Маем скрыўленую палітычную культуру, дзе сімволіка стала прадметам супрацьстаяння тых, хто за Лукашэнку, і тых, хто за вольную Беларусь»
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі ў інтэрв’ю Филину — пра супрацьстаянне сцягоў.
Больш за 3,5 тысячы дзяржаўных сцягоў размешчана на будынках у Мінску. Такую справаздачу зрабілі чыноўнікі.
Яны адзначылі, што шмат сцягоў вывешваюць на жылых дамах па ініцыятыве саміх людзей, бо «жыхары зацікаўленыя, каб будынкі былі ўпрыгожаныя дзяржаўнымі сцягамі».
Пра тое, чым выклікана гэтая ініцыятыва і ці стане яна тэндэнцыяй, «Филин» паразмаўляў з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім.
— Апеляцыя да нацыянальнасці ў адносінах сцяга характэрна для той групы людзей, якія добра ведаюць гістарычны кантэкст, пагружаны ў нацыянальную культуру, — адзначае Аляксей Ластоўскі. — Звычайна гэта невялікая група людзей, бо для большасці непатрэбна глыбокага пагружэння ў гісторыю і культуру.
Большасць — звычайныя людзі, якія жывуць штодзённым кантэкстам. І тут цалкам магчыма, што выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі для іх — гэта не свядомае апеляванне лаяльнасцю да рэжыму Лукашэнкі.
— Здавалася б, пасля 2020 года павялічылася колькасць людзей, якія даведаліся, у чым розніца паміж двума сцягамі — чырвона-зялёным і бел-чырвона-белым.
— Нават досвед 2020 года паказаў, што на пачатковай стадыі, асабліва ў перыяд агітацыі перад выбарамі бел-чырвона-белы сцяг так не выкарыстоўваўся, нават у першыя дні іх не было столькі. Гэта ўжо потым пайшла хваля імклівага пашырэння гэтай сімволікі, і сцягі пачалі масава прадукаваць.
І ўсё ж большасць з тых людзей, якія выходзілі на пратэсты пад гэтымі сцягамі, выкарыстоўвалі іх проста, як такі апазнавальны сімвал пратэсту.
Наўрад ці ўсе сабе прадстаўлялі складаную гісторыю бел-чырвона-белага сцягу. Ён стаў лёгка дэкларуемым знакам прыналежнасці да пратэстнага руху, але гэта не заўжды звязвала яго з гісторыяй беларускага нацыянальна-дэмакратычнага змагання.
— Тым часам улады яшчэ і імкнуліся як маглі дыскрэдытаваць БЧБ-сцяг. Гэта таксама, відаць, адыграла сваю ролю. У той жа час менавіта насуперак гэтаму шмат хто хацеў больш даведацца.
— Памятаю, якой вялікай папулярнасцю карысталася кніга «Бел-чырвона-белы. Сцяг-нацыя-ідэнтычнасць», якая выйшла ў выдавецтве Янушкевіча. Яе вельмі ахвотна набывалі. Што таксама паказвае ў тым ліку і запатрабаванасць на веды пра тое, што гэта за сімволіка, якая ў яе гісторыя.
І ўсё ж пазначу, мы крыху абсалютызуем 2020 год. Для нас гэта быў пратэст, на які паднялося ўсё насельніцтва. А насамрэч мінае час і палітычныя актывісты, якія фактычна рухалі наперад гэтыя пратэсты, вымушаны былі пакінуць краіну, часткова яны знаходзяцца ў вязніцах. А астатнія людзі жывуць далей.
— То бок да ўсяго можна прызвычаіцца?
— Так, у гэтым і сэнс. Калі ўбудоўвацца ў актуальную беларускую рэчаіснасць, трэба сябе нейкім чынам перабудоўваць пасля 2020 года, нават тым, хто браў удзел у пратэстных акцыях.
Я ўжо не кажу пра тое, што пры ўсім маштабе значная частка насельніцтва не была закранутая гэтымі падзеямі. І для іх дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг як быў так і застаецца галоўнай сімволікай.
Падкрэслю, для многіх людзей, асабліва малодшых пакаленняў, гэта проста дзяржаўны сімвал. Яны вырастаюць у інфармацыйнай прасторы, дзе ёсць толькі такая атрыбутыка дзяржавы.
І толькі для нас, людзей, якія свядома пайшлі ў беларускі нацыянальны рух, захоўваецца гэтая жорсткая пазіцыя, што чырвона-зялёны сцяг выключна звязаны з уладай Лукашэнкі.
Але ёсць аб'ектыўны фактар — колькі гадоў ужо існуе Рэспубліка Беларусь як дзяржаўны інстытут, і ў свядомасць людзей, маладых генерацый, ён убудаваны як звычайны дзяржаўны атрыбут. Яны вырастаюць менавіта з такім уяўленнем.
— І ўсё ж мы ведаем, што даводзіцца выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, каб вывешваць чырвона-зялёныя сцягі, а пасля даваць справаздачу. Якую мэту яны перад сабой ставяць і ці дасягнуць яе?
— То бок на чым будуецца гэта лаяльнасць да сцягу ці, умоўна кажучы, дзяржаўны патрыятызм? І ён з’яўляецца актыўным ці пасіўным?
На маю думку, беларускія ўлады выпрацоўваюць такую пасіўную мадэль ідэнтычнасці, калі ад чалавека патрабуюць выконваць выключна нейкія сімвалічныя рытуалы кшталту ўдзелу ў выбарах ці ў тых жа шэсцях на 9 мая.
Пры гэтым асаблівай палітычнай актыўнасці не патрабуецца. Наадварот, напрыклад, палітычныя блогеры выклікаюць незадавальненне ў дзяржаўных структур, чыноўнікаў, маўляў, навошта яны лезуць, навошта ствараюць гэтыя праблемы. І гэта відавочная тэндэнцыя.
Я магу параўнаць з тым, як тое адбываецца ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе фактычна ёсць вялікая пашана да амерыканскага сцягу і многія вывешваюць яго каля сваіх дамоў, і робяць гэта цалкам добраахвотна. Іх ніхто не прымушае.
Такі патрыятызм можна назваць актыўным, таму што людзі імкнуцца выказаць сваю пазіцыю. У беларускім выпадку мы бачым хутчэй патрыятызм пасіўны.
У тым плане, што дзяржава выкарыстоўвае свае інстытуты, прымус, сцягі вешаюцца па загадах, і гэта лічыцца нармальным. А дзяржава ўсё цалкам кантралюе.
Адбываецца звычайны нарматыўны працэс. Але калі людзі пачынаюць праяўляць нейкую сваю ўласную актыўнасць, гэта адразу становіцца падазроным, бо, чорт яго ведае, што яны там хочуць выказаць.
Для беларускай улады важна менавіта наствараць сацыяльныя і палітычныя працэсы, цалкам кантраляваныя чыноўнікамі, а нейкія валанцёрскія ініцыятывы ў гэтым кантэксце не асабліва вітаюцца.
— То бок патрыятызм павінен прытрымлівацца жорсткіх рамак — павесіць сцяг ці пранесці яго і не задаваць пытанняў. Дарэчы зараз актывізаваліся розныя акцыі з чырвона-зялёным сцягам. І прынамсі ў сацсетках яны цалкам не вытрымліваюць пад націскам актывістаў і прадстаўнікоў дыяспар з розных краін.
Адзін з апошніх прыкладаў — відэа пра тое, як па пустой вуліцы пранеслі вялізны чырвона-зялёны сцяг. І ў подпісу чалавек піша, паглядзіце, як маштабна ў Беларусі пранеслі велізарны 100-метровы сцяг, як дзеля гэтага аб’ядналіся 200 чалавек. На яго думку, гэта выглядае «неверагодна магутна». І ва ўсіх каментарах смяюцца з гэтага адзінства і колькасці.
— Ёсць звычайны нарматыўны ўзровень, калі сцяг пашыраюць праз падручнікі, прымушаюць усіх чыноўнікаў вешаць яго ў сваіх кабінетах і г.д.
А ёсць узровень, умоўна, «святочны». Гаворка пра святы, якія выступаюць як бы цэнтрам публічнага жыцця. Напрыклад, гэта Дзень перамогі ці Дзень незалежнасці. У такія перыяды актывізуюцца розныя акцыі.
То бок гэта не нейкі звычайны цыкл. Павялічаная колькасць дзяржаўных сцягоў усюды — гэты ў тым ліку і прыкмета такіх важных для ўлады святочных падзей.
Але і само супрацьстаянне сцягоў таксама выклікае зваротную рэакцыю. Як у тым жа 2020 годзе: масавае пашырэнне бел-чырвона-белых сцягоў прывяло да таго, што па тым жа Мінску пачалі масава вывешваць чырвона-зялёныя, каб супрацьстаяць, у тым ліку візуальна, каб пазначыць сваю прастору.
І ў гэтым кантэксце было заўважана такое палітычнае супрацьстаянне. Мяркую, падобныя пост эфекты цягнуцца дагэтуль.
— Тое самае, што вы кажаце пра Амерыку, мы назіраем і ў Польшчы, дзе таксама на святы людзі вывешваюць сцягі. Але, у адрозненне ад Беларусі, без усялякіх загадаў.
— Ёсць краіны, дзе палітычная культура спалучаецца з дэмакратыяй і менавіта так насельніцтва гэта ўспрымае. Для людзей становіцца важным атаясамляць сабе з дзяржавай і з нацыяй.
Ім патрэбна такая калектыўная супольнасць і вывешванне сцягоў. Гэта здаровая прыкмета патрыятызму.
У выпадку Беларусі мы маем нейкую скрыўленую палітычную культуру, дзе сімволіка таксама стала прадметам палітычнага супрацьстаяння тых, хто за Лукашэнку, і тых, хто за вольную дэмакратычную Беларусь.
І гэта мае куды іншае прынцыповае значэнне.
Читайте еще
Избранное