«Праз паўгадзіны прылятае апераддзел: «Что было в чёрном пакете? Кто дал Северінцу чёрный пакет?»
Былы палітвязень расказаў, як яму ў калоніі перадалі велікодную булку і што за гэта было.
Велікодную гісторыю, якая адбылася з ім у 2022 годзе ў Шклоўскай калоніі, палітык Павел Севярынец распавёў у сваім Фэйсбуку.
— Пасля Пасхі ў атрадзе падыходзіць да мяне сусед па кубрыку, назавем яго Сяргей:
— Паш, слухай, мой бацька, аказваецца, цябе ведае. На спатканні перадаваў прывітанне, кажа, падзяліся з Севярынцам дамашняй булкай, во перадаў…
А размова адбываецца ля нараў, пад камерай.
— Сяргей, — кажу, — вялізны дзякуй табе і твайму бацьку, паклон яму і віншуй са святам, але ж ты ведаеш, мяне пільнуюць, перадаваць адзін аднаму нічога нельга.
Хто не ў курсе, у лагерных «Правілах унутранага распарадку» ёсць такі пункт — «Отчужденіе». Згодна з гэтым пунктам, перадача любой маёмасці, рэчаў, прадуктаў, цыгарэтаў паміж вязнямі забароненая. Ты пачаставаў суседа, гэта ўбачылі, стукнулі ў операддзел, і ты прыплыў.
Канечне, ужываюць гэты пункт выбарачна (бо жыццё ёсць жыццё, ежа і цыгарэты цыркулююць па зонах як мае быць) — але ў дачыненні да «палітычных» адстрэл наладжаны.
Калі «палітычны» перадае штосьці звычайнаму зэку — значыць, падкупае, каб перацягнуць на свой бок. Калі «палітычны» «палітычнаму» — гэта салідарнасць, канечне, трэба «пресекать». Ну, а калі звычайны зэк «палітычнаму» — ооо, тут пахне бунтам, выклік адміністрацыі. Гасяць за такія рэчы на Шклове будзь здароў.
Механізмы кантролю — паўсюдныя камеры, сетка стукачоў і дэталёвы ўлік рэчаў ды прадуктаў, з дакладнасцю да адзінкі ў вопісах (апісваецца цалкам усё, па пунктах, ад змесціва тумбачкі да лядоўні). І спецыяльна абучаныя людзі за тым, хто цікавіць адміністрацыю, клапатліва даглядаюць.
Дык вось, мой Сяргей моршчыцца і кажа:
— Ды Паш, ну ўсе ж дзеляцца, тут кавалак булкі… Як хочаш, я загарну ў пакет і пакладу каля тваёй нары, ты зойдзеш, возьмеш. Усё, са святам, а то я пакрыўджуся.
Ідзе, шуршыць у сваёй торбе, у кубрыку пара чалавек і камера.
Ёлкі-палкі, думаю, і хлопец жа харошы… Але хто яго ведае, мо і падстава. У зоне такія сумненні ласкава называюць «манечкай», ад слова «манія» — лёгкая параноя.
Ладна, думаю. Трэба рызыкнуць, бо інакш і хлопца пакрыўджу, і пакет застанецца ляжаць, а хутка на працу, прыдзе абход — чыё тут, скандалы, інтрыгі, расследванні, парушэнне ПВР… Карацей, бяру, іду на кухню, разгортваю, з'ядаю кавалак смачнай велікоднай булкі і дзякую Сяргею.
Праз паўгадзіны пачалося.
Прылятае апераддзел:
— Что было в чёрном пакете? Кто дал Северінцу чёрный пакет?
Які такі чорны пакет, таварыш начальнік? Ды ніхто нічога ніякага…
Прагляд камераў. Кубрык. Кухня. Ааа, ест булку!.. Політіческіх подкармліваем, значіт?
Сяргея вылічылі імгненна. Назаўтра вядуць на пакаранне. Пяць сутак ШІЗА.
У атрадзе пасмейваліся:
— Пяць сутак за паўбулкі. Была б цэлая — далі б дзесяць.
Сяргей выйшаў з ШІЗА і, улучыўшы момант, падышоў да мяне.
— Усё нармальна. Халера з імі. Булка хоць смачная была?
Велікодная булка з чорнага пакету. Смачная?.. Вось дагэтуль узгадваю. На языку быццам прысмак хлеба прычасця. Цела Хрыста з віном, якое ператвараецца ў кроў.
Читайте еще
Избранное