Рыжычэнка: «Лукашэнка, адпраўляючы аграрыяў у армію, вырашае два пытанні»

Эканамістка пракаментавала апошнія заявы Лукашэнкі наконт будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў і адпраўкі аграрыяў у армію.

Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Брэсцкую вобласць агучыў патрабаванні да будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў і жылля: на яго думку, усё павінна быць без празмернасцяў і «ніякіх палацаў быць не павінна». Акрамя таго, правіцель зноў выказаўся пра ідэю адпраўляць у войска «нядобрасумленных аграрыяў» — да гэтага ён заяўляў, што  беларусаў, якія нібыта не ўмеюць працаваць, адправяць на мяжу з Украінай.

Гэтыя заявы пракаментавала прадстаўніца АПК па эканоміцы Аліса Рыжычэнка.

Аліса Рыжычэнка. Фота: lookby.media

— Тое, што Лукашэнка гаворыць пра нейкія палацы — гэта ён хоча знайсці прычыну, чаму няма грошай, каб будаваць тое, што не з'яўляецца нейкім палацам, а наўпрост сацыяльным аб'ектам, —  кажа эканамістка ў эфіры Еўрарадыё. — У нас праблема не ў тым, колькі зарабляе рэгіён (хаця тут таксама шмат пытанняў і перашкод), а ў тым, як размяркоўваюцца грошы: усе вобласці перадаюць тое, што назбіралі ў якасці падаткаў, у Мінск, а ён потым размяркоўвае па рэгіёнах гэтыя грошы. І гэта заўсёды несправядліва.

Напрыклад, калі яшчэ ў дасанкцыйны перыяд Наваполацк зарабляў шмат грошай і даваў прыбытак усёй вобласці, не было пры гэтым грошай, каб будаваць там тыя ж сацыяльныя аб'екты, рамантаваць дарогі і г.д. Гэтыя грошы заставаліся ў Мінску, нягледзячы на тое, што іх зарабіў Наваполацк.

— Цяпер адбываецца тое ж самае. Улады накіроўваюць грошы на падтрымку стратных дзяржаўных прадпрыемстваў (а гэта ж падаткі, якія плоцяць беларусы), якія насамрэч не выгадна падтрымліваць.

Пры гэтым няма грошай, каб будаваць сацыяльныя аб'екты. І Лукашэнка кажа: «Не будуйце палацы, а будуйце простыя сацыяльныя аб'екты».

Але пытанне, дзе і на іх ўзяць грошы? Іх няма. І калі яму даюць справаздачу, што сацыяльных аб'ектаў было пабудавана меньш, чым летась, ён, канешне, ліча, што гэта не пытанне таго, што грошы забірае Мінск, а пытанне таго, што нехта там у Віцебску ці недзе яшчэ прыдумаў пабудаваць «палац».

Ідэю Лукашэнкі адпраўляць у войска «нядобрасумленных аграрыяў» эканамістка каментуе так:

— Калгасы Беларусі — стратныя прадпрыемствы. Яны зарабляюць і працуюць толькі ў сезон, астатні перыяд там нечага рабіць. Пры гэтым яны непрафесійна кіруюць гэтымі калгасамі, і гэта зразумела, бо калгасы павінны працаваць у фармаце прыватных фермерскіх гаспадарак, і толькі тады яны будуць прыносіць грошы і працаваць як бізнес.

З іншага боку, Лукашэнка не можа правесці ў краіне мабілізацыю — гэта будзе азначаць, што гарант стабільнасці і бяспекі краіны — гэта ўсё хлусня, і ён такім для Беларусі не з'яўляецца. Гэта адразу падзенне яго рэйтынгу нават сярод тых, хто яго падтрымліваў.

Пры гэтым, тут пытанне, чаму гэтых людзей накіруюць менавіта на мяжу з Украінай? Бо там ёсць расійскія ваенныя часткі. Калі іх будуць накіроўваць у расійскую армію, яны будуць атрымліваць заробак вышэйшы, чым у калгасе.

Тут Лукашэнка вырашае два пытанні. Навошта яму плаціць заробкі тым, хто нічога не прыносіць? Можна ж паслаць іх працаваць у расійскую армію, яны будуць зарабляць там грошы і траціць іх на тэрыторыі Беларусі. І яму пры гэтым не трэба будзе праводзіць нейкую мабілізацыю, ён будзе ствараць бачнасць, што пасылае людзей у гэту армію.

Мабыць, гэта ўсё проста здзек з чыноўнікаў і дырэктараў калгасаў. Ён ім пагражае, каб яны спужаліся. А мабыць і не, і Лукашэнка прыдумаў механізм, каб вырашыць гэтыя пытанні.