І там шмат такой бязглуздзіцы, нібыта гэта ўсё планавалася і рэалізоўвалася людзьмі, якія не маюць ніякага ўяўлення, што такое псіхалогія, як развіваецца дзіцёнак.
Шчыракова: «Негледзячы на роды, у асуджанай жанчыны адна рука ў кайданках»
Былая палітзняволеная журналістка Ларыса Шчыракова расказала пра стан цяжарных жанчын у калоніі і прычыны, па якіх жанчыны трапляюць за краты.
— Мне казалі, што цяжарную жанчыну вызваляюць ад працы на якімсьці месяцы, дакладна не ведаю, на якім. Пасля яна знаходзіцца ў атрадзе. І калі надыходзіць час, яе ў суправаджэнні кантралёраў у «хуткай дапамозе» вязуць у радзільню, — расказала журналістка і былая палітзняволеная Ларыса Шчыракова на канале MOST. — Але, негледзячы на роды, у жанчыны адна рука ў кайданках, і яна прыкутая наўпрост у гінекалагічным крэсле.
Гэта нават не абсурд, а нейкая безлітаснасць. І ў аперацыйнай увесь час знаходзіцца супрацоўніца-кантралёр. так званая «дубачка».
Такога паняцця, як дыета для цяжарных і іншых хворых там няма. Але ёсць паняцце «усілок», узмоцненнае харчаванне. І цяжарнасць з'яўляецца паказаннем да прызначэння ўзмоцненнага харчавання.
Што яшчэ мяне вельмі здзіўляе, і мы са зняволенымі шмат пра гэта размаўлялі: магчымасць жыць са сваім дзіцёнкам асуджаная атрымлівае толькі праз год. Каб прама жыць разам у памяшканні. Там ёсць Дом маці і дзіцёнка.
А так ты знаходзішся ў атрадзе і проста ходзіш да дзіцяці на гадзіну, на дзве, але не знаходзішся з ім разам. Такая сістэма. Разумею, што гэтым займаюцца салдафоны, таму там усё так арганізавана.
Напрыклад, за дзецьмі прыглядаюць медсёстры з волі і вязняркі з атрада №6, які спецыялізуецца на ўсякіх гаспадарчых працах. І гэта жанчына, якая пастаўлена глядзець за дзецьмі, не мае права, нават калі дзіцёнак плача, прытуліць яго да сябе, супакоіць яго.
Але ж гэта дзеці, для іх такцільнасць — мегаважна, каб адчуць бяспеку праз абдымкі.
І дзеці ў калоніі могуць знаходзіцца да трох гадоў. Пасля, калі ніхто са сваякоў жанчыны не захоча іх забраць, альбо калі яна сама не вызваліцца па сканчэнні тэрміна, іх, напрыклад, могуць перадаць прыёмным бацькам.
Журналістку таксама вельмі ўразіла колькасць асуджаных жанцын, якія самі пацярпелі ад хатняга гвалту.
— Мы шмат размаўлялі там пра хатні гвалт. Я даведалася, што большасць жанчын падвяргаліся фізічнаму, сэксуальнаму, псіхалагічнаму гвалту ў сям'і, альбо ў сваёй бацькоўскай, альбо ўжо ў сваёй уласнай, альбо і там, і там.
Мы шмат разважалі пра тое, з чым звязаны такі маштаб хатняга гвалту у Беларусі. Размаўлялі пра арт. 174 КК (Злачынствы супраць ўкладу сямейных адносін і інтарэсаў непаўналетніх), пра абавязаных.
Па гэтым артыкуле у людзей, якія злоўжываюць алкаголем, забіраюць дзяцей за тое, што яны неналежным чынам выконваюць свае бацькоўскія абавязкі.
Іх робяць «абавязанымі». Яны мусяць хадзіць на працу, звычайна гэта цяжкая, малааплатная праца. І ў іх з таго мізэрнага заробка яшчэ забіраюць 70% на ўтрыманне дзяцей.
Гэтым мамашам проста нічога не застаецца, як кінуць тую працу і зноў «набухацца». Бо ў такія ўмовы паставіла іх дзяржава, што ў іх няма аніякай магчымасці вярнуцца да нармальнага жыцця і забраць сваіх дзяцей.
Таму і Дэкрэт 18 (Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем'ях), і артыкул 174 трэба адмяняць. Такога нідзе няма, нават у Расіі.
І трэба інакш усё гэта арганізоўваць. Бо атрымліваецца, што па артыкулу 174 жанчыны, фактычна, сядзяць за прагулы. Гэта проста дзікасць нейкая — як можна людзей садзіць у турму за прагулы?
Наогул калі паглядзець топ-3 артыкулаў, па якіх сядзяць жанчыны ў беларускіх турмах, то гэта «наркатычны» артыкул 328, гэта артыкул 174 і артыкулы альбо 147, альбо 139 — забойствы ці цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Але што гэта за забойствы? Гэта не тое, што жанчына выношвала план забіць кагосьці, напрыклад, з карысных памкненняў. Там розніца толькі у тым, ці яна забіла мужа, ці сажыцеля.
Аднак гэтаму папярэднічалі доўгія таксічныя альбо ўзаемнатаксічныя адносіны, альбо працяглая псіхатраўмуючая сітуацыя, калі жанчына пастаянна падвяргалася гвалту, а потым, не ведаю, можа, у кухні гатавала штосьці, пачалася чарговая сварка, адзін удар кудысьці — і чалавек загінуў.
Гэтага ўсяго магло не быць, магло не быць столькі асуджаных па артыкулу 139, калі б ў нас быў прыняты закон аб хатнім гвалце. І сам гэты артыкул трэба пераглядаць. Гэта не наўмыснае забойства.
Разумею, што яна пазбавіла чалавека жыцця. Напрыклад, той жа вядомы кейс Кацярыны Тарасенкі, якая забіла мужа ў п'янай сварцы. Але да таго муж яе моцна збіў, разбіў галаву.
Вельмі шмат такіх забойстваў, якія насамрэч з'яўляюцца самаабаронай, якую не прызнаюць. Гэта таксама праблема, бо ёсць стан афекту, ёсць самаабарона, у законе ўсё прапісана, а судовай практыкі такой няма.
Яны усіх абвінавачваюць у наўмысным забойстве. І не важна, што табе галаву разбілі, што ты толькі хацела выжыць ці абараняла сваіх дзяцей.
Читайте еще
Избранное