Ціханоўская разам з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы ўшанавала памяць удзельнікаў паўстання Каліноўскага ў Варшаве
Мерапрыемства адбылося на тэрыторыі Варшаўскай цытадэлі 24 студзеня.
Як паведаміла прэс-служба лідаркі беларускіх дэмсіл, на запрашэнне канцылярыі прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўшанавання памяці ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага 1863–1864 гадоў.
Падчас урачыстасцяў з прамовамі выступілі прэзідэнт Караль Наўроцкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. У сваіх выступах яны падкрэслілі, што барацьба за свабоду і незалежнасць была агульнай справай чатырох народаў — палякаў, літоўцаў, украінцаў і беларусаў. Прэзідэнт Польшчы таксама прывітаў прысутных прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў.
Пасля прамоваў адбылася цырымонія ўскладання кветак і вянкоў. У складзе беларускай дэлегацыі вянок усклалі Святлана Ціханоўская, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, а таксама ветэран палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Пчала».
Святлана Ціханоўская адзначыла, што «свабода не даецца назаўжды, яе даводзіцца абараняць зноў і зноў».
— Паўстанне Каліноўскага нагадвае, што ў нас ёсць годнасць, ёсць голас і ёсць права жыць вольна. Мы ўшаноўваем памяць паўстанцаў, бо гэты досвед супраціву і салідарнасці важны для нас і сёння, калі Беларусь і Украіна зноў змагаюцца за свабоду ад «рускага свету».
Читайте еще
Избранное