Общество

Кацярына Андрэева: Адчуваю сябе дыназаўрам альбо іншапланецянінам, які зваліўся з Месяца на Зямлю і цяпер проста вучыцца хадзіць

Выйшаўшы на волю, Кацярына Андрэева сутыкнулася з неабходнасцю нанова адаптавацца да жыцця. Пасля доўгай ізаляцыі яна вучыцца звычайным рэчам, напрыклад, пераходзіць дарогу без боязі. Праз некалькі дзён пасля вызвалення Каця прыйшла ў студыю Белсата.

Каця правяла за кратамі больш за 5 гадоў. Яна кажа, што з першага дня быў спадзеў на вызваленне, піша Наша Ніва.

Каця распавядае, што ў яе не было выбару, ці застацца ў Беларусі. Калі б ён быў, яна б засталася дома — там родныя, там каханы чалавек, муж Ігар Ільяш, які застаўся ў бабруйскай калоніі, які чатыры гады быў побач і падтрымліваў Кацю, пакуль яе самога не затрымалі.

Кацю спыталі, калі б яна ведала, што так атрымаецца, ці змяніла б яна што. Яна адказала, што гэта цяжкае пытанне, бо пацярпела не толькі яна, а ўся яе сям’я, страчана здароўе: «Калі б я магла зрабіць пакуты сям’і меншымі альбо пазбавіць іх гэтых пакут, магчыма, я б зрабіла б інакш. Што тычыцца маёй журналісцкай працы, то я засталася б вернай сваёй прафесіі, бо я найперш журналіст».

Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» пра іх з Ігарам гісторыю яна пакуль не глядзела і думае, што лепш дачакаецца Ігара, каб паглядзець з ім разам і закрыць гэты этап жыцця, бо пакуль гэта надта цяжкі досвед.

Яны з Ігарам разам 10 гадоў, і са снежня 2016‑га ў шлюбе. Але больш за палову гэтага часу яны правялі паасобку.

Каця бачыла Ігара апошні раз перад пасадкай у ліпені 2024 года, калі ён прыязджаў на кароткае спатканне да яе ў калонію.

«У нас павінна было быць доўгае спатканне яшчэ 11 верасня 2024 года, але мяне яго пазбавілі. Ведалі, як зрабіць больш балюча, я думаю. Так мы не паспелі пабачыцца. У кастрычніку Ігара ўжо забралі.

Я ўвесь час настойвала на тым, каб ён з’ехаў. Вельмі яго прасіла проста як жонка. Не як калега, не праз грамадзянскую пазіцыю — гэта было пазбаўлена любой палітычнай афарбоўкі. Я проста прасіла яго захаваць сябе дзеля мяне, дзеля будучыні, дзеля нашых будучых дзяцей, пра якіх мы марым. Я вельмі хацела, каб ён з’ехаў, каб падумаў пра сябе, пра ўласную бяспеку.

Але ён сказаў: «Калі ты яшчэ раз мяне пра гэта папросіш, я моцна пакрыўджуся». Яго гэта абурала. Ён настойваў на тым, каб прынцыпова заставацца ў Беларусі. Таму як калега і як грамадзянка я, натуральна, адчуваю пашану і павагу, захапляюся яго мужнасцю. Але як жонцы мне проста вельмі балюча», — кажа яна.

читайте также

Ігар цяпер знаходзіцца ў папраўчай калоніі №2 горада Бабруйска. Ён быў этапаваны туды пасля прысуду, калі атрымаў чатыры гады. У снежні 2025‑га яго этапавалі ў калонію. Першы месяц знаходжання ў калоніі ён правёў у ШІЗА.

«За час маёй адсутнасці, за час майго знаходжання ў турме я яшчэ раз пацвердзіла тое, што зрабіла правільны выбар, што мы сапраўды прызначаны адзін аднаму. Ён вельмі ўпарты. Я прасіла яго паберагчы сябе, але я ведала, што ён такі: сумленны, шчыры, стрыманы і пры гэтым прафесіянал у журналістыцы. А ў сям'і гэта цёплы, адкрыты, такі хатні чалавек. Лепшага мужа для мяне проста немагчыма ўявіць.

Але ён яшчэ і сябар. І гэта ўсё ў нас ёсць, я ўпэўнена, што мы пранясём гэта праз усё жыццё. Але я рабіла памылкі ў адносінах да яго. І я проста зраблю ўсё, каб ён мяне прабачыў, каб ён змог знайсці нешта новае, добрае ўва мне. Я хачу быць лепшай для яго», — кажа яна.

Кацю спыталі, што яе ўразіла на волі за тыя некалькі дзён, што яна на волі.

«Па-першае, я развучылася нават тэлефон трымаць і карыстацца звычайным смартфонам. Нам адразу па прыбыцці ў Вільню, дзякуючы валанцёрскай дапамозе і сябрам, далі тэлефоны і навучылі карыстацца імі на базавым узроўні. Для мяне гэта быў такі незвычайны жэст, калі ты вось гэтую стужку пачынаеш гартаць», — кажа яна.

«Слухайце, я адчуваю такую прасторавую дэзарыентацыю, а ў тэлефоне — дык пагатоў. Паглядзела ролікі са штучным інтэлектам — гэта нейкае дзіва. Адчуваю сябе дыназаўрам альбо іншапланецянінам, які зваліўся з Месяца на Зямлю і цяпер проста вучыцца нанова хадзіць. Падобна да дзяцінства, сур’ёзна», — гаворыць яна.

Нязвыкла выглядае і Варшава.

«Гэта настолькі нязвыкла, што няма ніякіх платоў, абмежаванняў, ніякага калючага дроту. Можна проста свабодна, вольна ісці. Гэта настолькі дзіўна. Першыя дні я проста трымаю сваіх сяброў за руку, каб перайсці праз дарогу. Шчыра вам скажу. Можа, трошкі бездапаможна выглядаю, але вы мяне прабачце. Я адаптуюся з цягам часу», — дадае яна.

Яна кажа, што яе акружылі такой цеплынёй, любоўю і клопатам.

«Гэта так прыемна і кранальна. Я не чакала, што будзе вось так. Я вельмі ўдзячная ўсім: калегам, сябрам. Я буду адаптавацца. Псіхіка ў чалавека вельмі рухомая і адаптыўная. Я вельмі хутка прыстасуюся да новых умоваў. Хто мяне памятае, ведае, што я не робкага дзясятку. Але пакуль крыху робкага», — гаворыць Каця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)