Лекар — пра трагедыю ў Дзяржынску: «Анафілактычны шок — вельмі рэдкая сітуацыя, крытычная, і дакладна можа скончыцца смерцю»
Анестэзіёлаг-рэаніматолаг, кандыдат медычных навук — пра тое, як можна пазбегнуць смяротных выпадкаў у бальніцах.
Часовае спыненне выкарыстання лекавага прэпарату цэфтрыаксон з’яўляецца правільнай мерай у дадзеным выпадку, лічыць спецыяліст, які ананімна пракаментаваў Филину наступствы трагедыі ў Дзяржынску, дзе памерлі парадзіха і немаўля.
— Цэфтрыаксон — штатны, даўно вядомы лек, які шырока прымяняецца ў дзяцей і дарослых. У тым ліку ў іншых краінах ён таксама шырока прымяняецца. Я б сказаў, нават вельмі шырока, — падкрэсліў анестэзіёлаг-рэаніматолаг, кандыдат медычных навук. —Нядаўна амерыканскія спецыялісты ўключылі яго ў пратакол лячэння баявых раненняў, напрыклад.
Я сам яго прызначаў сотні разоў без значных наступстваў.
Анафілактычны шок — вельмі рэдкая сітуацыя, крытычная, і дакладна можа скончыцца смерцю.
З таго, што мне вядома пра трагедыю, пакуль прынятыя правільныя меры: праводзіцца разбіральніцтва аб тым, якія былі паказанні для прызначэння прэпарату і як была аказана дапамога. Таксама часова спынілі выкарыстанне леку, каб праверыць ці не была сапсаваная канкрэтная партыя.
— У Беларусі гэта не першы выпадак анафілактычнага шоку пасля ўвядзення цэфтрыаксону.
— Зразумела, што выпадак не першы. І не апошні — пакуль будуць ужывацца лекі, у тым ліку антыбіётыкі, як адны з самых патэнцыйна алергенных прэпаратаў.
— Ці даводзілася вам выкарыстоўваць гэты сродак беларускага вырабніцтва і ці ён нечым адрозніваецца?
— Так, даводзілася выкарыстоўваць і беларускі, і замежны. Асаблівай розніцы ў эфектыўнасці і колькасці пабочных эфектаў я не бачыў.
— Ці можна выратавацца, калі не ўводзіць адразу ўсю дозу і такім чынам праверыць наяўнасць алергічнай рэакцыі?
— У інструкцыі гэтага прэпарату, якая з'яўляецца законам для медработнікаў, няма ўзгадак пра пільнае ўвядзенне.
Да таго ж, яно нічога не гарантуе, бо анафілаксія развіваецца на любую колькасць прэпарата.
Так, можна рабіць пробы. Але яны недасканалыя і могуць прапускаць магчымую анафілаксію ці яе правакаваць.
— Як можна пазбегнуць смяротных выпадкаў ці гэта наогул немагчыма?
— Пазбегнуць можна, па-першае, абмежаваным прымяненнем лекаў — не на ўсялякі выпадак, а толькі калі сапраўды трэба.
І, па-другое, ёсць шэраг медычных захадаў, пра якія ведаюць спецыялісты ўсіх краін. У тым ліку трэба падрабязна распытваць пацыента, таксама рыхтавацца для такіх наступстваў, а менавіта мець лекі для лячэння анафілаксіі (адрэналін) і быць навучанымі лячыць гэты стан на ўсіх узроўнях і ўсім спецыялістам — ад стаматолага да рэаніматолага.
У дадзеным выпадку, канешне, трэба разбірацца, што ведалі лекары пра пацыентку, ці расказвала яна, напрыклад, што ў яе ёсць алергія і г.д.
Читайте еще
Избранное