«Пайшлі ў гатэль паглядзець па тэлебачаньні выступ нейкага спадара Лукашэнкі. Кебіч ускрыкнуў: «Я яго ненавіджу!»

Сышоў з жыцьця першы амэрыканскі амбасадар у Беларусі Дэвід Сўорц. Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Сяргей Навумчык успамінае, як перасякаўся з дыпламатам, і прыводзіць успаміны Соўрца пра Беларусь.

— Сумная вестка прыйшла са Злучаных Штатаў: сышоў з жыцьця Дэвід Сўорц (1942-2026), першы амэрыканскі амбасадар у Беларусі, — піша Навумчык.

ЗША не былі першай краінай, якая прызнала Беларусь у якасьці незалежнай дзяржавы (адразу пасьля 25 жніўня 1991 гэта зрабіла Польшча, затым — Турэччына і Швэцыя), але, як толькі ў сьнежні 1991-га тагачасны прэзыдэнт Джордж Буш заявіў пра прызнаньне і ўсталяваньне дыпляматычных адносінаў, у Менск прыбыла дыпляматычная місія.

Засяліліся ў гатэль «Беларусь». Дэвід Сўорц, які разам зь трыма калегамі заняўся арганізацыяй працы будучай амбасады, узгадваў, што пакоі былі застаўленыя амэрыканскімі вайсковымі скрынямі з кансэрвамі — у Вашынгтоне баяліся, што дыпляматам ня будзе чаго есьці.

Дэвід Сўорц

Уручэньне даверчых лістоў старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу адбылося больш як праз паўгады — у першую гадавіну абвяшчэньня беларускай Незалежнасьці, 25 жніўня 1992-га.

Дэвід Сўорц пакінуў мэмуары, якія дазваляюць у крыху іншым ракурсе, чым гэта робім мы, беларусы, убачыць тагачасныя падзеі і некаторых палітыкаў. Так, мне было цікава даведацца, што ў 1993 годзе амэрыканцы (выглядае, гэта была інфармацыя «для ўнутранага карыстаньня») ацэньвалі ўзровень жыцьця беларусаў, як самы лепшы ў параўнаньні зь іншымі былымі рэспублікамі СССР.

Мы ў БНФ наракалі (і справядліва) на замаруджваньне эканамічных рэформаў, тым ня менш, элемэнты рэформаў усё ж былі, і яны пачыналі даваць плён. У кожным разе, краіна не «ляжала ў руінах», як потым будзе паўтараць Лукашэнка.

Спадар Дэвід валодаў цудоўным пачуцьцём гумару і, спадзяюся, ня надта б асуджаў мяне за тое, што ў тэксьце з сумнай нагоды я працытую наступны фрагмэнт ягонага ўспаміну.

«Прэм’ер-міністар Кебіч быў вельмі цікавай асобай. Я лічу, што ён быў шчыры ў сваіх заявах пра жаданьне сяброўства са Злучанымі Штатамі і іх народам, нягледзячы на сваю прыналежнасьць да камуністаў і відавочнае імкненьне падтрымліваць цесныя ідэалягічныя і палітычныя сувязі з постсавецкай Расеяй.

Я ўзгадваю Кебіча яшчэ і з прычыны адной незвычайнай падзеі, якую я перажыў у Беларусі. Ён запрасіў мяне паехаць зь ім на паляваньне ўвосень 1992 году. Я пагадзіўся, спалучаючы псэўдаэнтузіязм і сапраўдную трывогу (гэта для мяне не было камфортным).

У прызначаны дзень ён прыехаў раніцай на сваім службовым лімузіне... Мы накіраваліся на поўнач, у даволі аддалены лясны раён... Я ўбачыў вялікі паляўнічы дом, а перад ім — сталы з усялякай ежай і напоямі. Шматлікія памочнікі і супрацоўнікі службы бясьпекі з КДБ ужо былі там.

Пасьля тостаў і перакусаў мы накіраваліся на паляваньне на машынах. Кебіч і ахоўнікі паехалі ў адзін бок, я і яшчэ адзін ахоўнік — у іншы. Мой ахоўнік (маўклівы, як магіла, апрануты ў гарнітур з гальштукам і са стрэльбай у руцэ) узьняліся на плятформу на адным з дрэваў. Там мы моўчкі прастаялі каля дзьвюх гадзінаў, дарэмна чакаючы зьяўленьня дзічыны.

Я быў надзвычай рады, што нічога не зьявілася, бо ніколі ў жыцьці не страляў з агнястрэльнай зброі, калі не лічыць пнэўматычнай стрэльбы ў дзяцінстве.

Нарэшце Кебіч і ягоныя ахоўнікі вярнуліся, і мы паехалі на тэрыторыю паляўнічай хаты. Там нас чакала яшчэ болей ежы і напояў.

Пасьля гэтага — ужо быў позьні вечар — мы пайшлі ў гатэль паглядзець па тэлебачаньні выступ нейкага спадара Лукашэнкі. Я зь ім не сустракаўся. Кебіч ускрыкнуў: «Я яго ненавіджу!» Імгненна ўсе прысутныя таксама закрычалі, нібыта хор з апэрэты Гілберта і Салівана — «І мы яго ненавідзім!».

Нарэшце, мы селі ў машыну Кебіча і паехалі ў Менск. Па дарозе прэм’ер-міністар раптам зьвярнуўся да мяне з просьбай: «Навучыце мяне дэмакратыі». Гэтак мы і прагаварылі пра гэта ўвесь зваротны шлях. Вельмі цікавы дзень, мякка кажучы».

Зразумела, абсалютная большасьць «беларускіх дзён» Сўорца не давала нагодаў для сьмеху — і дзейнасьць ягоная была важнай і для ўмацаваньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, і для беларускай дзяржаўнасьці, і для беларускага грамадзтва.

У 1992-93 годзе ЗША істотна дапамаглі Беларусі і ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, і ў мадэрнізацыі некаторых галінаў гаспадаркі, і ў дэмакратызацыі грамадзтва. І ў гэтым была асабістая заслуга ў тым ліку і амэрыканскага амбасадара.

Шмат для каго (і для мяне таксама) быў нечаканым сыход Сўорца ў адстаўку адразу пасьля візыту Клінтана — які якраз успрымаўся (ды, як паказала гісторыя, і быў) пікам беларуска-амэрыканскіх адносінаў. Без высілкаў самога Сўорца гэты візыт увогуле мог і ня здарыцца (і што ведаю дакладна, не было б наведваньня Курапатаў).

Студзень 1994 году. Ўорэн Крыстафер, Хілары Клінтан, Ірына Шушкевіч і Дэвід Сўорц у Минску

У сваіх мэмуарах Сўорц прыгадвае, што па дарозе з Курапатаў у аэрапорт у лімузіне, дзе мусіла адбыцца апошняя гутарка Шушкевіча з амэрыканскім прэзыдэнтам, і куды ў апошні момант замест перакладчыка з МЗС запрасілі Сўорца (напэўна, размова мусіла быць надзвычай канфідэнцыйнай), амэрыканскі лідэр... заснуў. «Мы з Шушкевічам далі яму выспацца» — кажа Сўорц.

Мяркую, што канкрэтна гэты выпадак быў праявай не абыякавасьці прэзыдэнта да Беларусі, а ягонай стомленасьці («маланкавы візыт», як яго называе Сўорц, сапраўды меў насычаную праграму). Але камунікацыі з амэрыканскай адміністрацыяй пераканалі амбасадара, што Вашынгтон калі і не губляе інтарэс да Беларусі, дык надзяляе ёй зусім ня тую ўвагу, на якую б магла разьлічваць краіна, якая добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі.

Праз шмат гадоў я чуў ад Сўорца, што якраз адчуваньне такой несправядлівасьці не дазволіла яму працягваць дыпляматычную місію ў Менску. Ён падаў у адстаўку.

Дэвід Сўорц пакінуў Менск — але не пакінуў Беларусь.

Ён настойліва патрабаваў ад амэрыканскай адміністрацыі, хто б не знаходзіўся ў Белым Доме, большай увагі да беларусаў.

У 2013 годзе Сўорц прапанаваў кіраўніцтву ЗША прызнаць Раду БНР.

— Палітыка Амэрыкі адносна Беларусі, пачынаючы зь сярэдзіны 1990-х гадоў, ня мела амаль ніякага станоўчага ўплыву на дыктатарскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Яго аўтакратычнае кіраваньне ператварылася ў асабліва жорсткі і дыктатарскі рэжым, — пісаў Сўорц. — Для Злучаных Штатаў прыйшоў час пашукаць сапраўды дэмакратычнага прадстаўніцтва Беларусі ў іншым месцы. Кажучы канкрэтна — ды з усёй сур’ёзнасьцю і адказнасьцю за словы — я заклікаю Злучаныя Штаты надаць фармальнае дыпляматычнае і юрыдычнае прызнаньне Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі як законнай уладзе краіны.

Водгуку гэтая прапанова дасьведчанага дыплямата не знайшла.

Затое іншая ініцыятыва была надзвычай пасьпяховай. Ён заснаваў Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў пры Паўднёва-Заходнім каледжы (штат Канзас), які пазьней трансфармаваўся ў Фундацыю падтрымкі беларускіх дасьледаваньняў. Разам з выканаўчым дырэктарам доктарам Паўлінай Сурвіллай і Эрыкам Вахманам яны гадамі ладзілі стажыроўку навукоўцаў зь Беларусі — і стымулявалі цікаўнасьць амэрыканскіх дасьледчыкаў.

Акрамя гэтага, спадар Сўорц здабыў у Дзярждэпартамэнце і перадаў Фундацыі важныя дакумэнты, якія асьвятляюць амэрыкана-беларускія дачыненьні ў першыя гады нашай Незалежнасьці.

Дэвід Сўорц быў ўганараваны Мэдалём да 100-годзьдзя БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дасьведчаны і прафэсійны дыплямат, ён усьведамляў складанасьць геапалітычнай сытуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь — але верыў, што ўрэшце яна будзе вольнай і дэмакратычнай.

Дзякуй Вам, спадар Дэвід — і за веру, і за справы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(19)