«Перамовы з ЗША, зняццё санкцый — для Лукашэнкі шанец хоць крыху аблегчыць сабе ўмовы. Але Еўразвяз не паддаецца»
Гісторык і палітолаг Роза Турарбекава разважае аб чарговым этапе беларуска-амерыканскіх перамоў і яго выніках. І з кім трэба дамаўляцца далей.
Вялікая група палітвязняў гэтымі днямі выйшла з беларускіх вязніц і была прымусова вывезеная з краіны — большасць ва Украіну, некалькі чалавек у Літву.
— Мы з мужам убачылі гэтыя навіны, калі ехалі праз мяжу Літвы і Польшчы і былі побач з беларускай мяжой. Гэта быў вельмі эмацыйны момант: спачатку ўбачылі лічбу вызваленых людзей, а потым убачылі, якіх людзей, — распавяла гісторык і палітолаг Роза Турарбекава ў эфіры Еўрарадыё. — І калі час ад часу мы разважаем пра абмен палітзняволеных на санкцыі — на маю думку, гэта не тое каб раўнацэнны абмен, але вельмі блізкі да яго.
Нават калі мы будзем апісваць гэта ў такіх катэгорыях, як торг, скарыстоўваючы гэтае не надта добрае слова адносна людзей — усё ж такі, з майго пункту гледжання, у пэўны момант і ў пэўным сэнсе гэта была перамога. Бо для нас было вельмі важна, каб гэтыя людзі выйшлі на волю, былі жывымі і адносна здаровымі.
І нават дэпартацыя вязняў ва Украіну не змагла змазаць тое пачуццё палёгкі. Гэта вельмі кранальны, бясцэнны момант.
Што атрымаў наўзамен рэжым Лукашэнкі і хто што выйграе ад зняцця амерыканскіх санкцый з беларускага калію (пры тым, што літоўскія і еўрапейскія — застаюцца)?
На думку Розы Турарбекавай, у беларускіх уладаў не атрымалася змусіць Літву да перамоў на палітычным узроўні, каб разблакаваць экспарт калію праз Клайпеду. І шырокі жэст з боку ЗША — «не зусім тое, на што разлічваў рэжым».
— Транспартная ізаляцыя, складанасць лагістыкі — для Лукашэнкі гэта па-першае. А па-другое ўжо — зняцце санкцый з гэтых тавараў, калію, нафтапрадуктаў і г.д. І без спынення ізаляцыі немагчыма дасягнуць мэты, якую ён перад сабой ставіць: павялічыць даходную частку бюджэту.
Бо расійская эканоміка, як ён і сам казаў раней, сціскаецца — гэта значыць, сціскаецца і для Беларусі. А залежнасць беларускай эканомікі, беларускай дзяржавы, нават стратэгіі выжывання рэжыму цалкам залежыць зараз ад Расіі. Ступень залежнасці вельмі высокая, крок за крокам яна падвышаецца.
Таму перамовы з ЗША, зняццё санкцый — для Лукашэнкі шанец хоць крыху аблегчыць сабе ўмовы. Але, як бачыце, Еўразвяз не паддаецца.
На мой погляд, гэта пытанне выжывання не толькі рэжыму — ягонае выжыванне, прабачце, мне да лямпачкі. Але турбуе тое, што ягоны лёс цалкам звязаны з лёсам краіны, пытаннем незалежнасці і суверэнітэту.
Тут пытанне для нас: ці можам мы разглядаць паасобку, аддзяліць адно ад аднаго, і ці магчыма захаваць краіну, яе незалежнасць, і пры гэтым не дапамагаць рэжыму? Як скарыстацца гэтым момантам, каб не павясціся на тое, што Лукашэнка марыянетка Крамля.
Што гэта так, зразумела — але наколькі ён марыянетка, а наколькі ягоныя асабістыя інтарэсы цяпер супадаюць з інтарэсамі нацыянальнымі? Гэта пытанні, на якія важна знайсці адказ.
Вяртаючыся да транспартнай ізаляцыі — з майго гледзішча, яна магла б стаць прадметам торгу, перамоў паміж ЕС, рэжымам Лукашэнкі і дэмакратычнымі сіламі. Аднак тут ёсць цэлы шэраг акалічнасцяў: наколькі еўрапейская пазіцыя маналітная, наколькі дэмакратычныя сілы могуць на яе паўплываць, як глыбока яны знаходзяцца ў камунікацыі з адміністрацыяй Трампа і ці той прыслухоўваецца.
Мяркую, што прынамсі ёсць патрэба з боку рэжыму, каб нешта змяніць, таму неабходна ўважліва і дэталёва аналізаваць, што менавіта адбываецца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное