Общество

Марк Дзюба

У 1982-м у ЗША выйшла скандальная кніга «Беларуская таямніца»: расказваем гісторыю фэйка, які выкарыстоўвае прапаганда

У 1982 годзе ў Нью-Ёрку пабачыла свет выданне The Belarus secret, якое пазіцыянавалася дакументальным. Што было няпраўдай. Аднак праз шмат гадоў гэта не перашкодзіла прапагандзе рэжыму Лукашэнкі ўзяць кнігу на ўзбраенне.

У 1982-м аўтар кнігі The Belarus secret Джон Лофтус хоць і меў трохі больш за 30 год, але сцвярджаў, што папрацаваў федэральным пракурорам ва Упраўленні спецыяльных расследванняў Крымінальнага аддзела Мінюсту ЗША, якое займалася расследаваннем нацысцкіх ваенных злачынстваў.

З кнігі вынікала, што ўлады Злучаных Штатаў дзеля барацьбы з камуністамі ўнутры краіны нібыта далі незаконны прытулак 300 беларускім нацыстам на чале з прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады (калабаранцкая адміністрацыя ў 1943-1944 гадах) Радаславам Астроўскім. Кніга прыцягнула масавую ўвагу і таму, што Джон Лофтус даў рэзананснае інтэрв’ю на гэтую тэму на амерыканскім тэлебачанні.

Аднак напрыканцы 1982-га у рэцэнзіі ў The New York Times адзначалася: немагчыма праверыць сцвярджэнні аўтара, ён не праводзіць адрозненне паміж дакументальна пацверджанымі ваеннымі злачынцамі і калабарантамі з грамадзянскай сферы, да таго ж аўтар псуе свой аповед недакладнасцямі і перабольшваннямі.

У англамоўнай «Вікіпедыі» паведамляецца, што гісторык Упраўлення спецыяльных расследаванняў Дэвід Марвел ахарактарызаваў кнігу Лофтуса як «найгоршы від аматарскай гісторыі».

Супрацоўнік нью‑ёрскага «Цэнтра габрэйскай гісторыі» Віталь Зайка наўпрост абвінаваціў аўтара ў фальсіфікацыях. І адзначыў, што па сцверджанні ягонага кіраўніка ва Упраўленні спецыяльных расследванняў Алана Раяна, Лофтус быў зусім не «федэральным пракурорам», а дапамаговым супрацоўнікам.

Між тым выдуманая гісторыя зажыла сваім асобным жыццём. Лофтус як прыхільнік тэорыі змовы выпусціў яшчэ некалькі выданняў на тую ж тэму (напрыклад, «Беларуская таямніца: сувязь нацыстаў у Амерыцы»), а ў 1985-м на аснове гісторыі знялі тэлефільм «Кояк: Беларускае дасье». У ім дэтэктыў расследуе падазронае забойства некалькіх чалавек беларускага паходжання, якія, як высветлілася, эмігравалі ў ЗША пасля вайны.

Але што тычыцца адпаведнасці твора рэчаіснасці, то, здавалася б, у гісторыі даўно пастаўлена кропка: відавочна, што кніга «Беларуская таямніца» з'яўляецца містыфікацыяй. Аднак праз шмат гадоў яе нечакана ўзяла на ўзбраенне прапаганда рэжыму Лукашэнкі.

Чатыры гады таму на СТВ выйшаў дакументальны серыял «2020», прысвечаны пратэстам супраць уладаў. У ім тагачасны старшыня Адміністрацыі прэзідэнта і былы намеснік кіраўніка КДБ Ігар Сяргеенка выдаў кнігу 1982 года за дакументальную, прывёў яе ў якасці доказаў і адзначыў: «Самы высокапастаўлены ваенны злачынец – грамадзянін Злучаных Штатаў (Радаслаў Астроўскі – С.). Кніга выдадзена, напісана амерыканцам».

А два гады таму ў прапагандысцкім фільме «Восставшие на святое» на тэлеканале «Беларусь 1» заявілі са спасылкай на кнігу Лофтуса, што за праектам Беларускай аўтакефальнай царквы нібыта стаялі нацыяналісты, якія аселі ў ЗША і з’яўляліся «агентамі ЦРУ».

І ўсе гэтыя сцверджанні прапаганды грунтуюцца толькі на кнізе, якая, па сутнасці, з’яўляецца мастацкім творам. Такімі «доказамі» прадстаўнікі рэжыму яшчэ раз пацвярджаюць, што іх словам верыць нельга. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(7)