Скандалы

У «файлах Эпштэйна» знайшлася яшчэ адна беларуска. Хто яна?

Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала мільёны дакумэнтаў у справе амэрыканскага фінансіста Джэфры Эпштэйна, асуджанага за сэксуальныя злачынствы і загінулага ў турме. У дакумэнтах каля 1500 разоў згадваецца Беларусь. Ёсьць у справе і канкрэтныя імёны, піша Радыё Свабода.

Джэфры Эпштэйн — амэрыканскі фінансіст. Яго двойчы судзілі за злачынствы сэксуальнага характару, абвінавачвалі ў стварэньні сеткі вэрбаваньня і сэксуальнай эксплюатацыі непаўналетніх дзяўчат, што дзейнічала шмат гадоў.

Джэфры Эпштэйн і ягоная сяброўка Гісьлейн Максвэл, асуджаная за гандаль непаўналетнімі дзяўчатамі да 20 год турмы. Дата фота невядомая

У 2005 годзе Эпштэйна першы раз арыштавалі па абвінавачваньні ў разбэшчваньні 14-гадовай дзяўчынкі, паліцыя выявіла дзясяткі меркаваных ахвяраў, аднак пракуратура таемна ад ахвяраў дамовілася аб пазасудовай угодзе, фінансіст атрымаў 1,5 году турмы і дазвол рэгулярна адлучацца зь яе ў сваіх справах. У 2019 годзе Эпштэйн быў зноў арыштаваны ФБР і пакончыў з сабой у турме, будучы пад арыштам. Яго саўдзельніца Гісьлейн Максвэл асуджаная ў 2021 годзе і адбывае 20-гадовы тэрмін.

30 студзеня Мінюст ЗША на патрабаваньне Кангрэсу ЗША апублікаваў у інтэрнэце каля 3 мільёнаў розных дакумэнтаў у справе Эпштэйна, дзе згадваюцца такія імёны як Дональд Трамп, Біл Гейтс, Былы брытанскі прынц Эндру і іншыя вядомыя асобы. Ёсьць каля 1500 згадак пра Беларусь і грамадзян Беларусі. Што пра іх вядома.

Прафэсійная мадэль В. С.

У матэрыялах справы ёсьць копія беларускага пашпарту на імя В. С. У кантэксьце ня згадваецца, зьяўляецца яна пацярпелай па гэтай справе, ці праходзіць у нейкім іншым статусе.

З этычных прычынаў не раскрываюцца асабістыя дадзеныя беларускі, якая ня ёсьць публічнай асобай. Вядома, што дзяўчына нарадзілася ў Горадні ў 1998 годзе.

Пашпарт беларускі В.С., апублікаваны ў «файлах Эпштэйна»

Свабода адшукала сацыяльныя сеткі беларускі В.С., дзе цалкам супадае ўказаная пры рэгістрацыі дата нараджэньня. Як вынікае з гэтых профіляў, жанчына — прафэсійная мадэль. Яна займалася, у тым ліку, рэклямай вядомых брэндаў у 2016–2018 гадах, напрыклад Mark Formelle. Вучылася ў Горадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы.

На пэрыяд 2017–2019 гады прыпадае час актыўных падарожжаў дзяўчыны. Калі меркаваць па фатаздымках з сацыяльных сетак, яна наведвала Бэрлін, Мальдывы, Харватыю, Японію, Тайлянд, Дубай, Рым.

Потым В.С. выйшла замуж і зьмяніла прозьвішча. Апошні яе пост у знойдзеным Свабодай адкрытым акаўнце датуецца лютым 2021 году, там ейны фатаздымак у адкрытай вопратцы, з буйнымі завушніцамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)