Пстрычка

Марына Міхайлава

«Дзякуй, што не Прылепін. Дзіўна, што не Кафка»

Новы тэатральны сезон РТБД выразна адлюстроўвае сітуацыю ў краіне.

Год таму культурніцкую супольнасць абурылі планы кіраўніцтва Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) — «узбагаціць» рэпертуар пастаноўкамі на рускай мове. Прычым дырэктарка Святлана Навуменка замахнулася адразу на адыёзнага расійскага прапагандыста Захара Прылепіна і ягоныя «Пацанскія расказы».

«Гэта цікава, гэта сучасная літаратура», — разважала чыноўніца ад культуры, разлічваючы таксама на поспех падчас рсійскі гастроляў, маўляў, свайго аўтара расейцы дакладна пайдуць глядзець.

Фота: rtbd.by

Але працягу гэтая скандальная абвестка доўгі час не мела. Падалося: можа, усё ж перамог здаровы сэнс? І пасля шматлікіх чыстак і звальнення вядучых акцёраў РТБД, аднаму з нешматлікіх тэатраў з цалкам беларускамоўным рэпертуарам, творцам і гледачам пакінуць іх маленечкую культурную рэзервацыю?

Аказалася — не. Проста ўзважвалі і рыхтаваліся. І вось цяпер афіцыйна: у новым, 35-м тэатральным сезоне, РТБД чакае «час пераўтварэнняў і яркіх творчых здзяйсненняў». У снежні-2026 тут пакажуць першую прэм’еру сезона — «Маленькие трагедии» Аляксандра Пушкіна. У пастаноўцы Святланы Навуменкі.

Дзякуй, што ўсё-ткі не Прылепін. Дзіўна, што не Кафка. Ягоныя «Працэс» і «Пераўтварэнне» цудоўна пасуюць з бягучымі рэаліямі, у якіх ненармальнасць крок за крокам становіцца новай нормай.

Зрэшты, не. Кафка — рызыкоўна, гледачы пачнуць думаць усякае. Лепш хай глядзяць класіку і «жамчужыну драматургіі», якую дырэктарка такі плануе абкатаць на шматлікіх расейскіх гастролях і фестывалях.

А яшчэ яна разлічвае, каб маладыя акцёры палепшылі рускую мову (хоць ужо цяпер гледачы скардзяцца на мноства памылак у беларускамоўных пастаноўках, кшталту «расчыні вочы»).

Каб ужо зусім не заставацца без беларускага, у новым сезоне паставяць яшчэ творы Шамякіна. Што праўда, з расійскім рэжысёрам Юрыем Пахомавым.

А там, глядзіш, можна будзе спраўдзіць і леташнюю ідэю дырэктаркі РТБД «ставіць рускую класіку на рускай мове» ў межах праекту «РТБД па панядзелках». І каго турбуе, што гэта выглядае як здрадніцтва, што тэатр страчвае сваё аблічча і галоўную ідэю, дзеля якой ствараўся, калі трэба «ўмацоўваць міжнародныя сувязі»?

Сцэна з улюбёнага публікай спектаклю «Шлюб з ветрам». Выканаўцы галоўных роляў, як і рэжысёр, звольніліся з тэатра. Фота: rtbd.by

Што ж, чыноўнікі, якія будуць прымаць новы спектакль, маюць усе падставы потым наведаць тэатральны буфет і ўзняць келіх шампанскага. За 35-годдзе. За тыя пастаноўкі і імёны, якія яны выкраслілі з беларускай тэатральнай прасторы, і за ўзяцце новых вяршыняў дна.

Лепш не чокацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)