Общество

Салiдарнасць          

Памёр Юрый Хашчавацкі

Сышоў з жыцця кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі. Аднаму з самых вядомых беларускіх дакументалістаў было 78 гадоў.

Юрый Хашчавацкі. Фота: Радыё Свабода

Юрый Хашчавацкі нарадзіўся 18 кастрычніка 1947 года ў Адэсе. Пасля заканчэння Адэскага тэхналагічнага інстытута па размеркаванні прыехаў у Мінск. Спачатку супрацоўнічаў з Беларускім тэлебачаннем як пазаштатны аўтар, пасля стаў рэжысёрам. У 1981 годзе скончыў Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі.

Аўтар больш як трыццаці кінафільмаў, многія адзначаныя прызамі міжнародных фестываляў. Сярод іх — «Гэта ціхае жыццё ў Глыбокім», «Тут быў Крылоў», «Сустрэчны пазоў», «Усё добра», «Рускае шчасце», «Аазіс», «Час Чжоў Энлая», «Богі сярпа і молата», «Дажыць да кахання», «Каўказскія нявольнікі» і «У пошуках ідышу».

Найбольшую вядомасць Хашчавацкаму прынёс дакументальны фільм «Звычайны прэзідэнт», створаны ў 1996 годзе. Стужка прысвечаная першым гадам кіравання Аляксандра Лукашэнкі і была знятая ў жанры палітычнага памфлету.

Фільм атрымаў шэраг міжнародных узнагарод, у тым ліку Прэмію міру Берлінскага кінафестывалю, Гран-пры арганізацыі Human Rights Watch у Нью-Ёрку і прыз «Залатая брама» на кінафестывалі ў Сан-Францыска. Сцэнарыў да фільма напісаў Леанід Міндлін, прадзюсарам стаў Пётр Марцаў. У здымках удзельнічаў былы міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка, які ў 1999 годзе быў выкрадзены і знік без вестак.

Шырокі рэзананс атрымаў таксама фільм «Плошча», які расказвае пра прэзідэнцкія выбары 2006 года ў Беларусі і пратэсты на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Хашчавацкі ад самага пачатку выступаў як апанент улады Лукашэнкі. Падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі Хашчавацкі стаў сябрам каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі.