Общество

Вікторыя Лявонцьева

Антусевіч: «Мілінкевіч мог бы стаць лідарам краіны, якім ганарыліся б»

Намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў – пра земляка, які шмат зрабіў.

— Я быў агаломшаны сённяшняй навіной. Думаў, што ўсё ж такі Аляксандр Уладзіміравіч здолее справіцца з праблемамі са здароўем. Але, на жаль, не атрымалася.

Мы былі знаёмыя недзе з 1997 года. Тады Мілінкевіч узначальваў гарадзенскае грамадскае аб'яднанне «Ратуша». Гэта было такое месца, дзе можна было размаўляць, атрымліваць тую ці іншую дапамогу. У 2003-м я быў абраны дэпутатам Гродзенскага гарсавету, і Аляксандр Уладзіміравіч, ведаючы сітуацыю знутры, кансультаваў мяне.

Мілінкевіч быў чалавекам інтэлігентным, адукаваным, яго цікавілі розныя сферы: навука, палітыка, гісторыя, культура, краязнаўства. І ў кожнай з іх заўсёды рабіў нешта значнае.

Напрыклад, Мілінкевіч з'яўляўся адным са стваральнікаў праграмы «Спадчына» Гродзенскага гарсавету, у рамках якой займаўся вельмі актыўна гісторыяй горада і яе папулярызацыяй, а таксама працай па вяртанні гістарычных назваў вуліцам. Ён быў сярод тых, хто аднавіў гадзіннік на Фарным касцёле Гродна – адзін з найстарэйшых у Еўропе. Аляксандр быў папулярным чалавекам у горадзе, мясцовыя жыхары ведалі пра яго працу.

Мне заўсёды было прыемна мець зносіны з Мілінкевічам, бо ён знаходзіў час на размову, цікавіўся, як справы і ці не патрэбная нейкая дапамога, асабліва калі я ўзначальваў незалежны прафсаюз на «Гродна Азот». І калі Аляксандр Мілінкевічам стаў кандыдатам у прэзідэнты ў 2006 годзе, для мяне гэта было лагічна. Таму што ён у сілу сваіх якасцяў мог бы стаць абсалютна іншым лідарам Беларусі, тым, з якім хацелася б асацыяваць краіну і якім ганарыліся б...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)