«Даць голас тым, хто не можа гаварыць — беларусам, якіх прымусілі да маўчання»

Кіно пра рэпрэсіі ў нашай краіне паказалі на 83-м Венецыянскім фестывалі.

Беларускае незалежнае кіно трапіла на адзін з топавых кінафестываляў свету — Венецыянскі. Акурат гэтымі днямі ў пазаконкурснай праграме Venice Open адбыліся прэм’ерныя паказы стужкі «Лісты» («Лісты з маўклівай краіны») дакументаліста Андрэя Куцілы.

Фільм створаны ў супрацы кінематаграфістаў з Польшчы, Германіі і Літвы, і распавядае па-беларуску, па-руску і па-польску пра лёсы беларускіх палітвязняў, якія прайшлі праз палітычны пераслед, пазбаўленне волі, інкамунікада, вымушаную эміграцыю.

Фота: filmotor.com

Цягам 75 хвілін гледачы пагружаюцца ў некалькі асабістых гісторый. Студэнткі Касі, якая была асуджаная за пратэсты, а ў эміграцыі малюнкі сталі для яе спосабам выжывання. Былога следчага, які сышоў з сістэмы, а ў эміграцыі сам праходзіць праз шэраг допытаў і адчувае сябе загнаным у тупік. Бацькі, які хаваецца ад відэакамер сачэння, каб пазбегчы арышту і расстання з дачкой. З Вітольдам Ашуркам, якому сябар дасылае фотаздымкі з дому, з-за турэмных сцен — а мы ўжо ведаем, што гэты палітвязень загінуў за кратамі…

Андрэй Куціла распавядаў, што ведае гісторыі многіх вязняў з першых вуснаў:

— Мая сястра была адной з іх. Яе арыштавалі, і яна дагэтуль не можа забыць крыкі людзей, якіх катавалі кожную ноч. Гэта не гісторыя мінулага. Рэпрэсіі працягваюцца. Амаль штодня кагосьці арыштоўваюць, камусьці выносяць прысуд — часта без грамадскай пагалоскі. Праз сваю стужку я хачу даць голас тым, хто не можа гаварыць — беларусам, якіх прымусілі да маўчання.

Андрэй Куціла. Архіўны здымак

Дакументальныя кадры і відэа з сямейных архіваў у «Лістах» узмацняюцца анімацыяй, якую зрабіла на аснове малюнкаў вязняў польская мастачка Наталля Спыхала. А лісты — частка з якіх была пакрэмзаная цэнзарамі ці ніколі не дайшла да атрымальнікаў — становяцца сімвалам цэлай краіны, якую пазбавілі голасу. Вобразам чалавечай годнасці — перад няўмольнай навалай дыктатуры.

Але разам з тым, як падкрэсліў сам рэжысёр — гэта гісторыя шырэйшая за палітычны кантэкст, бо яна «пра чалавечыя пачуцці, пра каханне, пра сяброўства, пра нейкі боль».

Дарэчы, тэлевядоўца Марына Ментусава, якая ў стужцы агучыла былую палітзняволеную Касю Будзько (дзяўчыну асудзілі па «справе студэнтаў» да 2,5 гадоў калоніі), прайшла па чырвоным дыванку Венецыянскага кінафестывалю ў адмысловым уборы, каб нагадаць пра лёсы палітвязынак. Кімано, на якім занатаваныя імёны палітзняволеных беларусак, стварыла дызайнерка Вольга Кардаш.

— Я прыйшла <на прэм’еру> не адна — са мной імёны Касі і іншых жанчын-палітзняволеных. Спадзяюся, яны аднойчы пройдуць па гэтай чырвонай дарожцы самі, — напісала Марына.

Неўзабаве пасля сусветнай прэм’еры рэжысёр распавёў у інтэрв’ю Еўрарадыё, што лічыць стужку «Лісты» самай складанай працай у сваёй фільмаграфіі. Але ж фільм ужо атрымаў шмат цёплых водгукаў ад публікі. Многія італьянцы ўпершыню даведаліся пра сітуацыю ў нашай краіне, выказвалі сваю падтрымку палітзняволеным і беларусам наогул і спадзеў на тое, што «ў Беларусі ўсё зменіцца».

Што далей — залежыць ад еўрапейскага дыстрыб’ютара Filmotor. Гэта вядомае міжнароднае агенцтва, якое набыло правы на кінастужку яшчэ напярэдадні Венецыянскага кінафестывалю. Менавіта Filmotor цяпер будзе прасоўваць стужку пра рэпрэсіі ў Беларусі на кінафестывалях, прадаваць правы на яе паказ тэлеканалам.

Паводле Андрэя Куцілы, ужо ёсць запрашэнні на шэраг наступных фестываляў. Таксама стужку пакажуць у Германіі, Францыі і Польшчы.

— І ў Беларусі пабачаць. Будзе доступ на анлайн-платформах. Проста гэта здарыцца не заўтра і не паслязаўтра, а праз пэўны час, — расказаў рэжысёр.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)