Трагедыя адбылася таму, што ты нібыта згубіў сваю асабістасць. Усё, што я напрацавала да 30 гадоў, нібыта абнулілася, і трэба было наноў сябе сабіраць. Каб нарэшце зразумець: хто ты і што ты?
Кацярына Маліеўская: «Які маленькі крок я магу рабіць сёння, каб у нашай агульнай будучыні было святлей?»
Сузаснавальніца суполкі «Беларускія сцежкі Каралін» распавяла «Салідарнасці», як рэжым дапамог сустрэць каханне, калі перастала баяцца і пра ператварэнне трагедыі ў магчымасці.
Наша суразмоўніца з’ехала з Беларусі ў 2021-м у Амерыку да брата, а знайшла там мужа, таксама беларуса. Апошнія гады Кацярына з Іванам гуртуюць разам беларусаў Паўночнай і Паўднёвай Караліны.
— Усё, што звязана з мэрыяй і справамі, дзе шмат паперак, гэта ўсё робіць Іван. А на маіх плечыках ляжыць усё, што звязана з Гуканнем вясны, з Купаллем, — распавядае Кацярына Маліеўская. — Яшчэ мы ладзім палітычныя мерапрыемствы да Дня Волі і гадавіны 9 жніўня. Я адказваю за тое, каб зрабіць палітычную акцыю так, каб на яе людзі не баяліся прыходзць.
Як мы бачым, мітынгі і шэсця ўжо не вельмі працуюць, бо гэта небяспечна. Шмат у каго ў Беларусі засталіся сваякі і нерухомасць, людзі папросту баяцца.
На мой погляд, трэба зрабіць такое Купалле, якое прыцягне людзей да 9 жніўня. А на 9 жніўня зрабіць не мітынг, а нешта больш падобнае на перформанс, каб і людзям было цікава, і змяніць фокус з колькасці наведвальнікаў на сутнасць падзеі. Каб не было шмат людзей на фотаздымках, каб не даваць працу гэбэшнікам. Тое самае і з Днём Волі.
Яшчэ ў нас абавязковая падзея — гэта бег. Бяжым 5 кілометраў ці адну мілю, і заўсёды збіраем грошы. У гэтым годзе будзем збіраць на «Дом у Бабулі» (ініцыятыва INeedHelpBY × Sustrecha HUB на беразе Дняпра ў Кіеве) ва Украіне, каб падтрымаць беларусккіх добраахвотнікаў. Каб яны маглі паесці хатняй ежы, адпачыць ды выдыхнуць.
У мінулым годзе збіралі грошы Алесю Бяляцкаму, але ён атрымаў Нобелеўскую прэмію і адмовіўся браць сабранае. Мы аддалі сродкі на дапамогу палітвязням.
Кожны год шукаем: на што пазбіраць грошы і пабегаць. Лічу, што ўжо не вельмі працуе проста адкрываць збор, трэба нешта даваць узамен. Каб людзі прыйшлі, атрымалі эмоцыі і паданацілі.

Кацярына не хавае, што эміграцыя, асабліва першы год, апынулася цяжкай.
— Было вельмі складана. А потым я зразумела, што немагчыма жыць увесь час у трагедыі. Яе трэба ператвараць у магчымасці.
Я пераехала ў ЗША, пайшла працаваць у кавярню, і мне пачалі задаваць шмат пытанняў пра Беларусь, яе культуру і спадчыну. Ведаў не хапала, а вельмі хацелася паказаць, што наша краіна насамрэч вельмі багатая.
У Беларусі ты жывеш, і гэтага дастаткова. Нібыта і не трэба праяўляць сваю беларускасць, бо яна ж ў паветры, заўсёды вакол цябе. А ў эміграцыі, калі ты наноў сябе будуеш, беларускасць — гэта вельмі важная частка цябе, якая
выплывае на першыя шэрагі тваёй асабістасці.
Калі пачалася вайна ва Украіне, я спачатку сабрала ўсіх знаемых беларусаў, і мы пайшлі на мітынг малітву ў падтрымку украінцаў у Паўдневай Караліне. Вельмі цяжка пражываць гэты боль паасобку, трэба яднацца. Тады эмоцыі дзеляцца паміж людзьмі і становіцца крышачку лягчэй.
Потым вырашыла ехаць у Шарлат – самы буйны горад Паўночнай Караліны. Там я і сустрэла будучага мужа, якраз напярэдадні Дня Волі. Іван прапанаваў ехаць у Філадэльфію, бо там будуць уздымаць наш бел-чырвона-белы сцяг. І вось гэтае сумеснае падарожжа нас аб’яднала.

Мы шмат падарожнічаем, разам стварылі наш праект «Беларускія сцежкі Каралін» і нават ўжо ажаніліся. Таму ўсім раю перагледзець сваю трагедыю і пашукаць у ёй магчымасці (усміхаецца). А калі шукаеш — то заўсёды знойдзеш.
У Беларусі Кацярына працавала дызайнеркай, але заўсёды быў і іншы занятак, для душы. У Амерыцы дзяўчына ўладкавалася барыстай у кавярню, разумеючы, што з аднаго боку гэта нібыта абнуліла мінулыя заслугі, а з іншага дадало класныя скілы: падцягнуць мову, вучыцца стасавацца з новымі людзьмі.
— У Беларусі я не заўважала такой падтрымкі на працы. А зараз працую ў класным калектыве, дзе адзін аднаго паважае, шануе і шукае, як падтрымаць.
Здаецца, я ж «нейкая эмігрантка» — а ўсе не ўпускаюць магчымасці зрабіць для мяне нешта добрае, паклапаціцца. Гэта спачатку было вельмі дзіўна: людзі, чаму вы такія добрыя (смяецца)?

Як і у Беларусі, акрамя працы, трэба было хобі. Так беларуская справа стала працай для душы. Без яе я б, магчыма, адчувала сябе «пустой».
Часам бывае цяжка. Бываюць моманты, калі здаецца, што вось-вось выгару: заканчваюцца ідэі, апускаюцца рукі, і думаеш: «Навошта мне ўсё гэта?»
Але ў такія моманты вельмі дапамагае АБА (Асацыяцыя беларусаў Амерыкі, — С.). Мы рэгулярна збіраемся на агульныя сазвоны, і гэта дае неверагодную падтрымку. Прадстаўнікі іншых беларускіх суполак дзеляцца сваімі ідэямі, расказваюць, што новага яны прыдумалі, і гэта вельмі натхняе.
Ужо на першым нашым мерапрыемстве, я адчула менавіта такую ж сувязь, як 9 жніўня 2020-га падчас мірнага пратэсту. Калі ідзеш у натоўпе беларусаў, якіх ты не ведаеш, але разумееш, што ты не адзін.
А на Гуканне вясны я ўжо рабіла і дэкор, і праграму. Пайшла нават вучыцца спяваць у нашай Русі (Shuma). Гуляла з сабакам і намагалася спяваць так, каб не саромецца людзей. Хадзіла па парку і гарлала беларускія купальскія песні (смяемся).
Кацярына распавядае «Салідарнасці», што беларусаў у суполцы Паўночнай і Паўднёвай Каралін няшмат, бо некаторыя не хочуць свяціцца.

— А чаму вы не баіцеся?
— Калі я ўжо была ў эміграцыі, у мяне ў Беларусі сышла мама праз цяжкую хваробу. Я не змагла быць побач і развітацца з ёй, як дачка павінна развітвацца з маці.
Калі мама сышла, прачнулася моцная злосць. Якраз надыходзіла наша трэцяе мерапрыемства, і я вырашыла, што больш не буду баяцца. Бо больш яны нічога не могуць мне зрабіць.
Пасля гэтага я пачала папярэджваць, што на нашых імпрэзах абавязкова будзем рабіць фотаздымкі і дасылаць іх у медыя. Разумею, што гэта абмяжоўвае колькасць удзельнікаў, але не буду ад гэтага адмаўляцца. Лічу, што беларускасць, як любая ідэя, якую ты хочаш прасунуць, трэба праматаваць праз медыя, праз карцінкі і гучнасць. Праз прыгажосць. Гэта немагчыма рабіць, калі ты баішся, калі хаваеш тое, што робіш.

— Вельмі цікавы ваш перформанс-інсталяцыя «Пяцёра». «Пяць жаночых постацей у белым, як цені тых, каго не чуюць, але хто не знік. Гэта не проста інсталяцыя — гэта малітва маўклівых», — напісалі вы ў інстаграме.
— У беларускага пратэсту жаночы твар. Яшчэ і таму, што у Беларусі вельмі моцны сілуэт жанчыны, які асабліва праявіўся ў 2020 годзе.
На пяцігоддзе пратэсту я падумала: мы можам выбраць пяць напрамкаў, якія найбольш пацярпелі ад рэжыму. Мы паставілі ў радок пяць жанчын, закрылі ім вочы, бо ім нельга глядзець, ім страшна глядзець. Апранулі ім кайданкі, бо яны скаваныя, не могуць нічога зрабіць, бо з усіх бакоў гэтым рэжымам заціснутыя. Яны ў начных кашулях, амаль распранутыя.
Так мы стаялі гадзіну ў цэнтры Шарлата пад песню «Магутны Божа», што ішла па коле. І гэта пра тое, што яно ўсё адбываецца, адбываецца ды адбываецца. І мы стаім, усё гэта бачым, негледзячы на тое, што нам спрабуюць закрыць вочы, негледзячы на тое, што мы ў кайданках, але ж мы тут, мы стаім. І ў кожнай у руках была таблічка з надпісам напрамку, які найбольш пацярпеў ад рэжыму: навука і мастацтва, рэлігія, медыцына, юрыспрудэнцыя, якая амаль знікла ў Беларусі, і журналістыка.
Мы стаялі на фоне чырвонага колеру, крывавага, паказваючы, што Беларусь вельмі моцна залітая гвалтам. А жанчыны ў белым — як сымбаль надзеі. Кожны мог запаліць свечку і паставіць побач, памятаючы пра тых, хто загінуў ад рэжыму.
На апошнім Гуканні вясны амаль траціна былі амерыканцы з беларускімі каранямі. Яны не размаўляюць па-беларуску, але ім было вельмі цікава. Знайшлі нас праз фэйсбук і спыталі, ці могуць далучыцца.

У апошні момант я зрабіла транслітарацыю ўсіх песен, каб ім было зручна спяваць і каб разумелі, аб чым спяваем. Ім вельмі спадабалася.
Упершыню Кацярына патрапіла на Купалле ў падлеткавым узросце ў менскай Вяснянцы. Памятае карагоды і вогнішчы, песні палову ночы.
— Мы іх так добра пакрычалі, што з ранку было адчуванне – зняла з сябе ўвесь стрэс, быццам нарадзілася наноў. Здаецца, зараз гэта адчуванне паўтараецца ў Амерыцы.
У эміграцыі ж вельмі шмат стрэсу, і вельмі важна яго адпусціць. Бо на нашым Купаллі, якое нядаўна адбылося, мы і паспявалі, і карагоды павадзілі. Спадабалася і дарослым, і малым беларусікам.

— Вельмі кранальныя вашыя пячэнькі до 107-годдзя БНР.
— Так, на Дзень Волі мы ладзілі віктарыну, а пячэнькі гэта прыз. Хто адказваў на пытанне — таму пячэньку. Пытанняў было шмат: пра заснавальнікаў БНР, эміграцыю ў ЗША, пра Раду БНР, што і ў якім годзе рабілі.
Адна сям’я адказала на ўсе пытанні і забрала амаль ўсе пячэнькі. Але ж потым яны падзяліліся з прысутнымі.
- ы разбурыў шмат лёсаў, у тым ліку і мой. Мне пашчасціла, я не трапіла за краты. І я ўпэўнена, што ўсё нездарма, што наша справа жывая дагэтуль. Паглядзіце колькі зараз Купалляў: і ўнутры Беларусі, і за межамі.
2020 год жыве, беларусы гудуць па ўсім свеце. І гэты гул не сціхае.

Так, зараз у Беларусі не дазваляюць выказвацца на палітычныя тэмы. Але ж мы беларусы! Як ў Евы Вежнавец, беларус табе ў вочы глядзіць, ківае, а сам у кішэні камень трымае. Пра палітыку нельга? Так, нельга. Дык мы ж Купалле адзначаем! Таму што мы назаўжды беларусы, і нішто нас ужо не задушыць.
2020-ы дазволіў нам усім ганарыцца беларускасцю. Нам часцяком казалі, што беларус – гэта нейкі селянін у лапцях, што наша культура праз голую вёску. Але адзін і той жа факт можна распавесці па-рознаму. Пра сялянскага беларуса, гаспадара з крутымі традыцыямі можна класна распавесці. А можна кінуць, што ён калгаснік. Не люблю гэта ганебнае слова.
Насамрэч беларус – гэта моцны гаспадар, з клопатам пра сябе, пра сваю прыроду, наваколле. І 2020-ы змяніў мінулую карцінку: мы не калгаснікі, мы не ў лапцях, мы – гаспадары сваёй зямлі. Мы клапоцімся пра месца, на якім жывем, нават на чужбіне. Гэта змянілася назаўжды, гэта ўжо не разбурыць. І гістарычныя вынікі 2020-га мы яшчэ абавязкова пабачым.
Зараз беларусы на ўсіх топавых сусветных сустрэчах, дзякуючы Святлане Ціханоўскай. Яна нас прадстаўляе і працісквае беларускасць, негледзячы на вайну ва Украіне. І ў яе атрымліваецца гэта рабіць. А нам трэба дапамагаць, хто і чым можа.

— Ці ёсць у вас зараз надзея, звязаная з Беларуссю?
— Мая асабістая надзея – калі-небудзь трапіць на могілкі мамы і таты. Разумею, што такой магчымасці можа і не быць.
Але мая надзея на маленькія крокі. Які маленькі крок я магу рабіць сёння, каб у нашай агульнай будучыні было святлей? Намагаюся думаць пра блізкую будучыню, а пра далёкую не думаць. Бо яна можа палохаць.
І пакуль я магу шатаць рэжым, каб горшых сцэнароў не адбылося, я буду гэта рабіць. Маленькімі намаганнямі рабіць тое, што залежыць ад мяне.
Паглядзіце на вялікія краіны, а потым на маленькіх беларусаў, раскіданых па свеце. Але ж як хутка мы збіраемся, каб адзін аднаму дапамагчы! Так, сабраліся і разбяжаліся. Але такой узаемадапамогі, якую я бачу, больш ні ў каго не бачыла.
Калі паглядзець на прапорцыю – колькасці беларусаў і таго, што яны робяць, — то беларусы дакладна неверагодныя. У гэтым і ёсць надзея — не губляць нашай неверагоднасці і працягваць дапамагаць адзін аднаму.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное