Политика

Карбалевіч: «Гэта амаль палітычная сэнсацыя. І ня толькі праз вядомасьць і маштаб фігуры гэтага чалавека»

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода – пра вяртаньне Пачобута як тэст для рэжыму Лукашэнкі.

Пачобут вярнуўся

Фото: Бартош Вялиньски

Былы палітвязень Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь. Гэта амаль палітычная сэнсацыя. І ня толькі праз вядомасьць і маштаб фігуры гэтага чалавека. Да якога абсурду трэба было давесьці сытуацыю ў краіне, каб вяртаньне беларускага грамадзяніна з-за мяжы дадому без наступнага арышту стала важнай падзеяй грамадзкага жыцьця.

Яшчэ пасьля вызваленьня і выезду ў Польшчу Пачобут даваў зразумець, што хоча мець магчымасьць вярнуцца ў Беларусь.

Асаблівую вастрыню гэтай гісторыі надае тое, што Анджэй Пачобут, падобна, па-ранейшаму знаходзіцца ў сьпісах «асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», і «да тэрарыстычнай дзейнасьці». Пры гэтым застаецца няясным, які юрыдычны статус мае ягоны прысуд пасьля вызваленьня і ці існуюць фармальныя падставы для паўторнага зьняволеньня.

Тэст сыстэмы

Паездка Анджэя Пачобута ў Беларусь — палітычны экспэрымэнт, які ён праводзіць на самім сабе. Ён намацвае межы магчымага, спрабуе пашырыць рамкі дазволенага ва ўмовах існага палітычнага рэжыму. Гэта тэст на выяўленьне ступені жорсткасьці сыстэмы.

Тут дарэчы паралелі з учынкам іншага былога палітвязьня — Міколы Статкевіча. У верасьні 2025 году Статкевіч адмовіўся перасякаць беларуска-літоўскую мяжу ў рамках дамоўленасьцяў паміж Менскам і Вашынгтонам, застаўся на памежным пераходзе, быў зноў адпраўлены ў турму, але ў выніку яго выпусьцілі пасьля інсульту.

І Пачобут, і Статкевіч ламаюць звыклы сцэнар уладаў дарагім коштам. Сваімі мужнымі ўчынкамі яны даказваюць, што і адзін у полі воін.

«Часам нават ва ўмовах дыктатуры чалавек можа адваяваць для сябе маленькую прастору свабоды — дзякуючы ўласнай стойкасьці і міжнароднай падтрымцы», — напісала Сьвятлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

І ўлады вымушаныя карэктаваць рэпрэсіўныя межы. Спачатку ім прыйшлося ня толькі зьнявольваць, але і вызваляць палітычных апанэнтаў. Першыя вызваленьні тычыліся ў асноўным замежнікаў, шараговых палітзьняволеных. Потым сталі выпускаць вядомых вязьняў.

Першапачаткова вызваленых вывозілі за мяжу, потым бальшыні зь іх сталі дазваляць застацца ў Беларусі. Канечне, гэта не пашырэньне прасторы свабоды, а, хутчэй, звужэньне рэпрэсіўных практык. Тым ня менш, нешта мяняецца.

Палітыкі, якія спрабуюць тэставаць межы дазволенага ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, моцна рызыкуюць. Тут лёгка памыліцца ў разьліках. Вось, напрыклад, лідэр расейскай апазыцыі Аляксей Навальны вярнуўся ў пуцінскую Расею, трапіў за краты і там памёр.

Амэрыканская страхоўка

У гісторыі з Пачобутам варта канстатаваць, што ягоны выпадак выключны, яго нельга лічыць за новае правіла. Бо беларусаў, якія вяртаюцца дадому, затрымліваюць на мяжы і садзяць у вязьніцу.

Асаблівасьць кейсу Пачобута грунтуецца на зьмененым міжнародным кантэксьце. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі спрабуе прарваць блякаду на заходнім кірунку, трохі зьняць напружаньне ў адносінах з краінамі ЭЗ і ЗША.

Асабліва важны для афіцыйнага Менску амэрыканскі перамоўны трэк. Варта нагадаць, што вызваленьне Пачобута вясной сёлета вітаў сам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. У сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social 10 траўня ён пісаў: «Мой сябар, прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі, сустрэўся са мной у верасьні мінулага года і папрасіў дапамагчы дабіцца вызваленьня Анджэя Пачобута з беларускай турмы. Сёньня Пачобут вольны дзякуючы нашым намаганьням… Дзякуй прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку за ягонае супрацоўніцтва і сяброўства. Вельмі прыемна!».

Паводле крыніц Свабоды, 14 верасьня спэцпасланьнік Трампа Джон Коўл плянуе наведаць Беларусь. Коўл дамагаецца вызваленьня чарговай вялікай групы палітвязьняў.

читайте также

Акрамя таго, па словах польскага журналіста Барташа Вяліньскага, Андрэй Пачобут застанецца ў Беларусі каля тыдня, бо пазьней у яго заплянаваныя візыты ў ЗША і Канаду.

І на гэтым тле новы арышт Пачобута стаў бы вялікім міжнародным скандалам і мог бы паставіць пад пагрозу перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам.

Таксама напярэдадні паездкі ў Беларусь Пачобут сустракаўся з Папам Рымскім. Рэпрэсіўныя дзеяньні ўладаў Беларусі супраць Анджэя маглі б выклікаць нэгатыўную рэакцыю Ватыкану і Касьцёлу, што таксама наўрад ці было б цяпер выгадна афіцыйнаму Менску.

Гульня вакол Саюза палякаў Беларусі

Падобна, кіраўніцтва Беларусі мае намер зьнізіць напружаньне ў дачыненьнях з Польшчай. Вызваленьне Пачобута сталася пазытыўным крокам у гэтым кірунку. Сёлета колькасьць спробаў нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу істотна скарацілася. Цікава, што дзяржаўная прапаганда Беларусі ў сваіх камэнтарах адносна прыезду Пачобута ў Беларусь трохі зьмяніла тон. Замест абразьлівых заяваў зьявіліся больш спакойныя ацэнкі.

Яшчэ адзін цікавы сюжэт. Вядома, што першапачаткова Пачобут плянаваў прыехаць на зьезд незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ).

Польскі праект Centrum Europy са спасылкай на добра інфармаваную крыніцу паведаміў, што беларускія ўлады нібыта прапануюць магчымасьць легалізацыі арганізацыі пры ўмове самароспуску цяперашняй структуры і, магчыма, рэгістрацыі пад іншай назвай. Таксама Менск нібыта хоча зьвязаць легалізацыю арганізацыі польскай меншасьці з пытаньнем санкцыяў.

Калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца і ўлады сапраўды дазволяць дзейнічаць незалежнай ад іх арганізацыі польскай меншасьці, гэта будзе адрозьнівацца ад практыкі апошніх гадоў, калі структуры грамадзянскай супольнасьці татальна ліквідоўвалі. Аднак пакуль незразумела, ці ідзецца пра рэальную легалізацыю незалежнай арганізацыі, ці пра спробу перафарматаваць яе на ўмовах уладаў.

Гэта яшчэ адзін тэст, зьвязаны з візытам Пачобута.

Хто каго лепш выкарыстае

У асяродзьдзі беларускай палітычнай эміграцыі гучыць меркаваньне, што гісторыю вакол паездкі Анджэя Пачобута ўлады могуць выкарыстоўваць як загадзя падрыхтаваную ідэалягічную апэрацыю і паказальную акцыю для вонкавай аўдыторыі.

Выказваюцца таксама асьцярогі, што гэты выпадак можа нэгатыўна адбіцца на беларусах, якія дамагаюцца палітычнага прытулку за мяжой. Яшчэ адна вэрсія палягае ў тым, што ўлады могуць паспрабаваць перафарматаваць Саюз палякаў у Беларусі ў цалкам кантраляваную структуру і выкарыстоўваць яе ў прапагандысцкіх мэтах.

Праўда, выкарыстаньне рознымі суб’ектамі адно аднаго — норма палітычнага жыцьця. Пачобут карыстаецца міжнароднай ўвагай да сябе, каб пашырыць прастору свабоды для жыхароў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі можа выкарыстоўваць гэтую сытуацыю, каб прадэманстраваць Захаду гатоўнасьць да пэўных саступак. ЗША і Польшча могуць вырашаць свае замежнапалітычныя задачы.

 Хто выйграе ў выніку, стане вядома празь нейкі час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(52)