Филин

Юлія Кот

Крук: «Усплёск беларускага ВУП ёсць. Але пытанне, наколькі ён працяглы»

Филин распытаў эксперта аб тым, што стаіць за ростам беларускай эканомікі і чаму «дагнаць і перагнаць Амерыку» не атрымаецца.

У Беларусі прырост ВУП у другім квартале гэтага года стаў самым высокім за больш чым год і склаў каля 3%. У параўнанні з сітуацыяй пяцігадовай даўніны рост яшчэ больш заўважны: 7,3%. Як зазначаюць даследчыкі праекту «Маніторынг эканомікі Беларусі», у гэтым поспеху ёсць шэраг складнікаў, ад нафтавага да кліматычнага.

Наколькі трывалая гэтая тэндэнцыя росту, і ці ёсць у гэтым заслуга рэжыму Лукашэнкі, альбо хутчэй збег удалых абставінаў? Ці вялікую ролю адыграла «дапамога» Трампа, які  зняў амерыканскія санкцыі з беларускага калію?

Гэтыя пытанні «Филин» абмеркаваў са старэйшым навуковым супрацоўнікам BEROC Зміцерам Круком.

— Як на ваш погляд, рост беларускай эканомікі — выпадковасць ці вынік удалых рашэнняў беларускіх уладаў? І ці надоўга такі пазітыў?

— Калі сцісла — схіляюся да думкі, што выпадковасць, у большай ступені. І каб быць упэўненымі ва ўстойлівасці гэтага ўсплёску — на гэта пакуль шансаў меней.

Расшыфрую, на чым грунтуецца мая ацэнка.

Першае — гэта чыста ўнутраная гісторыя, так званы эфект статыстычнай базы. Бо ў траўні-чэрвені мінулага году было значнае пагаршэнне эканамічных паказчыкаў. І на гэтым фоне сёлетнія тэмпы росту, натуральна, падвышаюцца. Да ліпеня ўключна такое можа адбывацца.

Другое, калі сутнасна глядзець, што адбываецца. Трэба глядзець, якія галіны ўнеслі найбольшы ўклад у рост эканомікі. Перадусім — сельская гаспадарка, якая дэманструе даволі ўстойлівы рост, таму яе ўнёсак даволі значны.

Акрамя таго, дадае эканаміст, палепшылася сітуацыя ў будаўніцтве (хоць казаць пра новы бум наўрад ці выпадае, хутчэй, гэта ўздым пасля зніжэння). Няблага спрацаваў і сектар «Інфармацыя і сувязь», аднак калі раней ІТ лічылася асноўным донарам росту ў Беларусі, то цяпер галіна збольшага стабілізавалася.

А што ў беларускай прамысловасці? Тут устойлівы рост, кажа Зміцер Крук, можа адбывацца толькі на базе экспарту тавараў. Сёлета апрацоўчая галіна прамысловасці выйшла ў плюс. З вялікай імавернасцю, за кошт нафтаперапрацоўкі — бо ў суседняй Расіі стаў відавочны дэфіцыт бензіну, і беларускія прадпрыемствы хуценька зарыентаваліся на гэты ранак.

— Як вы лічыце, наколькі істотны ў росце беларускай эканомікі, так бы мовіць, фактар Трампа? Тая «вайна Шродзінгера», праз якую то закрываўся, то адкрываўся Армузскі праліў і скакалі кошты на нафту, тое рашэнне, якім ЗША зняла санкцыі з беларускага калію.

— Па калію пакуль цяжка сказаць, паколькі наўпроставай статыстыкі па стратэгічных таварах Беларусь не публікуе. Мяркую, з аб’ёмамі нічога істотна не адбылося, а вось пазітыўныя цэнавыя імпульсы маглі мець месца. Што «Беларуськалій» пасля зняцця амерыканскіх санкцый набыў большую сілу ў перамовах з Кітаем, Бразіліяй, куды прадае сваю прадукцыю. Але ж на лічбы ВУП гэта не так істотна ўплывае.

Што да нафты — думаю, пазітыўныя эфекты ў гэтай галіне ў пэўнай ступені сапраўды ёсць рэхам іранскай гісторыі. Але ж рост эканомікі ў цэлым усё ж звязаны больш з расійскай гісторыяй, калі Україна пачала «выносіць» нафтаперапрацоўчыя магутнасці ў РФ, адбыўся значны зрух з аб’ёмамі беларускіх паставак.

Па суме названых фактараў можна канстатаваць, што ўсплёск і рост беларускага ВУП ёсць, працягвае эксперт:

— Але пытанне, наколькі ён працяглы. Адказ залежыць і ад сельскай гаспадаркі, і ад апрацоўчай прамысловасці — ці прадоўжыцца ўдалы расклад для беларускай нафтаперапрацоўкі. Мяркую, на некалькі месяцаў такая спрыяльная сітуацыя захаваецца, магу паверыць у эфпект на бліжэйшы квартал-другі. Але не думаю, што гэта будзе бясконца.

Да таго ж, звяртае ўвагу Зміцер Крук, падвышаны попыт з боку Расіі на бензін мае і адваротны бок. Ідэя зарабіць на гэтым, пакуль горача, зразумелая, але ж неўзабаве беларусы адчуюць цэнавы ціск. Улады будуць вымушаныя пакрысе падвышаць цэны і ў нас. Каб нейтралізаваць гэты інфляцыйны імпульс, не «пераграваць» залішне эканоміку, давядзецца шукаць дадатковыя рашэнні.

А яшчэ, праз нафтавыя праблемы горш будзе пачувацца ўся расійская эканоміка. Адсюль — дадатковыя выклікі для бюджэту РФ у другой палове года. Вельмі магчымае зніжэнне попыту на іншую беларускую прадукцыю. То-бок, шалі могуць вагацца ў розныя бакі.

А калі прыгадаць, што залежнасць Беларусі ад расійскага рынку стала празмернай — спадзявацца на працяглы рост ВУП наогул не выпадае. На думку эканаміста, у другой палове 2026 года беларуская эканоміка стабілізуецца, а хутчэй нават запаволіцца:

— Рэзюмуючы, мой прагноз па выніках году больш кансерватыўны — рост эканомікі каля 1,5%. На бягучы момант гэта найбольш верагодная траекторыя.

— То-бок, не 2,8%, як разлічвае беларускі ўрад.

— З усімі тымі нявызначанасцямі, што я ўзгадаў, разагнаць эканамічны рост да 2,8% лічу амаль немагчымым. Патэнцыйна да 2% можна дацягнуць, але гэта ў пазітыным сцэнары.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(1)