Скандалы

На «Беларуськаліі» загінуў 34‑гадовы рабочы. Трагедыю замаўчалі

Гібель Аляксея Чарапка — гэта ўжо другая смерць на прадпрыемстве за апошнія дні, піша Наша Ніва.

11 чэрвеня стала вядома, што на «Беларуськаліі» загінуў рабочы, а яшчэ двое атрымалі траўмы. 50‑гадовы рабочы атрымаў смяротныя траўмы праз разбурэнне дзвярной жалезабетоннай перамычкі (гарызонт мінус 620 м) на рудніку №3.

Як стала вядома «Нашай Ніве», гэта не апошняя трагедыя на прадпрыемстве за тыдзень — загінуў яшчэ адзін супрацоўнік прадпрыемства, Аляксей Чарапок.

Аляксей Чарапок. Фота з яго старонкі ва «УКантакце»

34‑гадовы мужчына загінуў падчас выканання сваіх працоўных абавязкаў — Аляксей працаваў на бярозаўскім рудніку «Беларуськалія», на падземным участку ўнутрышахтавага транспарту. Падчас выгрузкі ролікаў для канвеераў яго задавіў пагрузчык.

Загінулы быў спартсменам — у Салігорску ён гуляў у міні-футбол, а таксама выступаў у складзе каманды «Арэса» з Любані і бегаў паўмарафоны.

Яго аднаклубнікі напісалі, што Аляксей «быў не проста таленавітым футбалістам, але і светлым чалавекам, адданым таварышам на полі і ў жыцці».

«Яго сыход — незаменная страта для ўсяго нашага калектыву. Ён назаўжды застанецца ў нашай памяці як ваяр, які біўся за колеры клуба да апошняй секунды».

Фота: інстаграм @fc_aresa

Таксама мужчына быў фанатам рыбацтва.

Аляксей Чарапок на рыбалцы. Фота з яго старонкі ва «УКантакце»

Вядома, што ў Аляксея засталася маленькая дачка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)