Статкевіч: «Без разліку на захоп з Беларусі агрэсар ўвогуле не пайшоў бы на сваю крывавую авантуру»

Экс-палітвязень павіншаваў з Днём Незалежнасці «годны і мужны» ўкраінскі народ і папрасіў прабачэнне за тое, што наша краіна не здолела перашкодзіць вайне.

— Зараз за незалежнасць вам прыходзіцца весці крывавую і няроўную вайну, за час якой загінулі многія тысячы з вас, у якой пад пастаяннай пагрозай смерці знаходзяцца не толькі вашы ваяры на фронце, але і мірныя грамадзяне — дзеці, жанчыны, старыя ў кожным рэгіёне Украіны, — піша Мікалай Статкевіч.

Мікалай Статкевіч

Ваша мужнасць і стойкасць ў абароне незалежнасці і свабоды сваёй краіны выклікаюць павагу ды захапленне ўсяго свету. Асабліва — у суседніх з вамі народаў, якія разумеюць, што, у выпадку вашай паразы, наступнымі аб'ектамі агрэсіі Масквы стануць ужо іх краіны. Менавіта таму шмат патрыётаў з гэтых краін прыехала ва Украіну, каб змагацца супраць агрэсара поруч з вамі.

Мне вельмі сорамна, што Беларусь была выкарыстана агрэсарам як плацдарм для спробы хуткага захопу вашай сталіцы. Я ўпэўнены, што без разліку на гэты захоп і хуткую перамогу агрэсар ўвогуле не пайшоў бы на сваю крывавую авантуру.

На жаль, знясіленае доўгім супрацівам дыктатуры, зняволеннем многіх тысяч патрыётаў і наўмысным прымушэннем перад вайной да эміграцыі сотняў тысяч праціўнікаў рэжыму, беларускае грамадства не здолела перашкодзіць выкарыстанню нашай зямлі для агрэсіі супраць найбольш блізкага нам народа. Даруйце, сябры!

У гэты святочны для вас дзень зычу вам сілаў выстаяць і захаваць сваю цудоўную краіну! Дзеля сябе і дзеля ўсіх народаў, якія прагнуць волі.

Гадамі ў бетонным турэмным мяшку я прасіў Бога пра гэта. Маё сэрца з вамі.

Трымайцеся, друзі!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)