Не дарэмна ж кажуць, дзе двое казакоў, там трое атаманаў. Ці не зарана? Мо, лепей засяродзіцца на вайне? Агрэсія ж яшчэ не спынена.
Статкевіч: «Улада натоўпу не пераможа ніколі»
Палітык пад уражаннем ад брыфінгу былога міністра абароны Украіны разважае пра самапіяр падчас вайны.
— Ці можа дэмакратыя ў вайне перамагчы аўтакратыю? — задаецца пытаннем Мікалай Статкевіч. — Нібыта ж, аўтакратыя мае магчымасць без абмежаванняў хутка канцэнтраваць і выкарыстоўваць матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы.
А дэмакратыя ваюе ва ўмовах свабоды прэсы і ўнутранай палітычнай канкурэнцыі. Падчас вайны гэта прымушае ўлічваць абмежаванні, якія накладвае на кіраўніцтва краіны грамадская думка і крытыка палітычных апанентаў. А таксама ўлічваць фактар будучых выбараў.
Частку сіл і інфармацыйных рэсурсаў кіраўнік дэмакратычнай краіны мусіць траціць на барацьбу з палітычнымі канкурэнтамі. Не толькі з-за натуральнага жадання выйграць наступныя выбары. Але таксама, каб не дапусціць узмацнення нейкага з канкурэнтаў да такой ступені, што ён пачне ўспрымаецца як альтэрнатыўны лідар краіны, што можа дэзарыентаваць сістэму кіравання дзяржавай падчас вайны.
Шчыра кажучы, мяне здзіўляе, што многія ваенныя кіраўнікі Украіны высокага ці нават сярэдняга ўзроўню падчас вайны займаюцца актыўным самапіярам. Інтэрнэт дае тут шырокія магчымасці. Зразумела, што краіна хоча ведаць сваіх герояў, з каго варта браць прыклад. З іншага боку, ўражаньне такое, што найбольш актыўныя ў гэтай справе рыхтуюцца да палітычнай кар'еры, да ўдзелу ў будучых выбарах.
Акрамя таго, тыя, хто актыўна займаецца самапіярам, ствараюць сабе дадатковыя кар'ерныя магчымасці і таксама засцерагаюць сябе ад кар’ерных правалаў, бо могуць апеляваць да грамадскай падтрымкі пры спробе іх зволіць ці панізіць у пасадзе.
Звычайныя грамадзяне, якія абралі сабе чарговага куміра па інфармацыі, прадстаўленай пра сябе ў Сеціве ім самім, не ведаюць шматлікіх сапраўдных прычын, па якіх да яго ўзніклі прэтэнзіі. А для многіх, асабліва жанчын, бывае дастаткова толькі знешняй прыцягальнасці, каб прызнаць яе ўладальніка заслугоўваючым даверу.
Пры такім стане рэчаў у пройгрышы апынаюцца тыя кіраўнікі, якія не паклапаціліся пра стварэнне сабе належнага вобразу ў Інтэрнэце. А таксама, вышэйшыя кіраўнікі, якія нясуць адказнасць за сыход вайны, але не могуць рэалізоўваць свае неабходнейшае права на ўласную кадравую палітыку, без якога кіраванне губляе сваю эфектыўнасць. Зрэшты, ў пройгрышы апынаецца ўся краіна.
Калі вы абралі з такой перавагай прэзідэнта і адначасова Вярхоўнага галоўнакамандуючага, то дайце яму кіраваць. У вас жа вайна ў хаце!
Гэта ўсё я пад уражаннем ад брыфінгу былога міністра абароны Украіны. Дакладней, самапрэзентацыі чарговага кандыдата ў прэзідэнты нашай суседкі. Узнікае пытанне, навошта там была такая жорсткая агульная крытыка баявога генерала, якога сам жа крытык называе ратавальнікам краіны ў вырашальны момант пачатку вайны? Ён жа ў прэзідэнцкіх выбарах не збіраецца ўдзельнічаць.
Думаю, што сапраўдны аб'ект нападу тут іншы генерал, які ўжо аб'явіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, і ўспрымаецца самапрэзентантам, як канкурэнт на іх. Кшталту, усе гэтыя старыя замшэлыя генералы нічога не разумеюць, як перамагчы без стратаў, аўтаматаў ды гарматаў, толькі аднымі джойсцікамі.
А народ не разабраўся ў сапраўдных прычынах «наезду» і ўжо пачаў мітынгаваць з патрабаваннямі адстаўкі крытыкуемага дзейснага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі. І ўжо сам прэзідэнт абмяркоўвае гэтыя патрабаванні мітынгоўцаў — падчас вайны(!!!). Суседзі, вы часам не афігелі?
Прывяду прыклад іншых паводзін. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША ў 2000 годзе знаёмыя супрацоўнікі амерыканскай амбасады не хавалі свайго расчаравання, што віцэ-прэзідэнт Гор прайграў на іх Бушу-малодшаму.
Час пацвердзіў іх асцярогі — прэзідэнт Буш па штучных прычынах уцягнуў сваю краіну ў працяглую і дарагую вайну ў Іраку, чым развязаў рукі Ірану, які доўга і цяжка ваяваў з Іракам. Гэта дазволіла Ірану развіць ракетную і ядзерную праграмы і стаць фактарам дэстабілізацыі ўсяго рэгіёна.
На наступных прэзідэнцкіх выбарах зноў перамог Буш-малодшы. Але мае знаёмыя супрацоўнікі ўжо былі задаволеныя гэтым фактам. Як яны патлумачылі: «Наша краіна ваюе ў Іраку. Змена прэзідэнта ў час вайны падбадзёрыць нашых ворагаў. І нашым салдатам там стане цяжэй».
А цяпер да пытання, якое я задаў напачатку гэтага тэксту. Так, дэмакратыя можа перамагчы аўтакратыю. Той жа былы міністр абароны Фёдараў выдатна паказаў гэта дронавым «рыўком», скарыстаўшыся перавагамі свабоднай эканомікі, а таксама фінансавымі ды тэхналагічнымі рэсурсамі, атрыманымі дзейсным прэзідэнтам ад дэмакратычных краін сьвету.
Але ахлакратыя (улада натоўпу) не пераможа ніколі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное