Цыганкоў: «Фраза «мы пастаянна павышаем боегатоўнасць» адназначна з’яўляецца «справаздачай» перад Масквой»
Палітычны аглядальнік — пра выказванні Лукашэнкі падчас наведвання палігона пад Баранавічамі.
— Гэта становіцца ўжо пэўным палітычным рытуалам, і паўтараецца фактычна кожныя некалькі тыдняў. Лукашэнка збірае сілавікоў, кажа ім, што трэба рыхтавацца да вайны, і адначасова кажа, што Беларусь сама не збіраецца ні на каго нападаць, — піша Віталь Цыганкоў.

«Некаторыя нас тут спрабуюць абвінаваціць, што нібыта заўтра мы на кагосьці збіраемся нападаць. Яшчэ раз паўтараю: мы не збіраемся ні на кога нападаць, мы прагматыкі. Мы разумеем, што калі мы на кагосьці (напрыклад, з нашых суседзяў) здзейснім напад, гэта смерці падобна. Выйграць канфлікт з нашымі «монстрамі», размешчанымі па перыметры дзяржавамі, мы не можам. На што тады пачынаць вайну, калі абсалютна шчыра? Але абараніць сантыметр, міліметр сваёй зямлі, наша насельніцтва, забяспечыць бяспеку мы абавязаны», — заявіў на гэты раз Лукашэнка.
Такімі сваімі шчыраваннямі ён выконвае адначасова некалькі задачаў.
Па-першае, замацоўваць адчуванне пастаяннай ваеннай пагрозы. Калі амаль кожны месяц паведамляецца пра праверкі боегатоўнасці, вучэнні, мабілізацыйную падрыхтоўку, беспілотнікі, абарону мяжы і г.д., вайна становіцца часткай паўсядзённай інфармацыйнай рэальнасці. Грамадству пастаянна нагадваюць: краіна жыве ў небяспечным свеце, таму моцная дзяржава і армія неабходныя.
Па-другое, фраза «мы пастаянна павышаем боегатоўнасць» адназначна з’яўляецца «справаздачай» перад Масквой. Вось, маўляў, рыхтуемся, адказваем на ваш запыт.
Па-трэцяе, сіндром абложанай крэпасці дазваляе «легітымізаваць» мілітарызацыю дзяржавы, якая ідзе па ўсіх накірунках. Змяняецца ваенная падрыхтоўка, узмацняецца тэрытарыяльная абарона, пашыраецца мабілізацыйная інфраструктура, у войска бяруць з хваробамі, з якімі раней не бралі.
Улада павінна тлумачыць грамадству, навошта ўсё гэта – бо «вакол ворагі», шчоўкаюць зубамі каля нашых межаў.
З аднаго боку, пастаянная мілітарызацыя грамадскай свядомасці, з другога — пастаянныя структурныя «прафілактычныя» рэпрэсіі, якія даўно ідуць углыб. Армія павінна быць гатовай, грамадства — дысцыплінаваным і паслухмяным.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное