Руселік: «Бясконца доўга можна назіраць за тым, як цячэ вада, як гарыць агонь і як беларусы дружна насыпаюць за каўнер расейцам за «Белоруссию»

Пра актуальную беларускую нацыянальную ідэю на Budzma.org разважае Валер Руселік.

Валера Руселік на мітынгу супраць расейскага ўварваньня ўва Ўкраіну (Варшава, люты-2022). Фота з архіву аўтара

Нядаўні прыклад. У гістарычным цэнтры Магілёва будуюць ужо чацьвёртую пляцоўку, прысьвечаную расейскім гарадам.

Дагэтуль адкрылі Маскоўскі дворык з мініяцюрным Крамлём, затым Тульскі — са здаравенным самаварышчам і Хабараўскі — з далёкаўсходнім сонцам. Ну і зараз — Яраслаўскі са скаладромам у выглядзе мядзьведзя.

Паскудзтва, аналягічныя прыклады якога, дарэчы, можам назіраць сёньня і ў іншых местах нашае краіны.

Ну і як тут не згадаць аднаго высокапастаўленага беларусафоба, які яшчэ ў 2018 годзе, сустракаючы ў Магілёве свайго калегу з-за ўсходняе мяжы, заявіў: «Вижу, вы чувствуете себя как дома на этом клочке, можно сказать, русской земли. Это такой город [Могилев]… я бы даже сказал больше русский, чем белорусский».

Ага, настолькі расейскі, што ў 1661-м, пасьля шасьці гадоў акупацыі, ягоныя жыхары за адзін дзень цалкам выразалі маскоўскі гарнізон. Цікава, ці бачыў Пуцін герб Магілёва?

Дарэчы, цікавая і красамоўная дэталь. Магілёўскае паўстаньне рыхтавалася загадзя. Усё места ведала пра гэта — і ніхто ня выдаў плянаў акупантам!

Сярод іншага, месьцічы нарыхтоўвалі дровы, каб потым растапіць скуты лютаўскімі маразамі дол: ямчэй жа ж тады капаць захопнікам магілы!

Ну бо на сваёй зямлі мае быць парадак і чысьціня! Гэтак у нас, беларусаў, спрадвек павялося! Дый, як той казаў, не дапамогуць і чары, як каму хто не да пары!

Музэйная экспазыцыя, прысьвечаная Магілёўскаму паўстаньню 1661 г., і знаходзіцца ў адноўленай магілёўскай ратушы, і герб Магілёва, нададзены месту пасьля таго паўстаньня

Нездарма кажуць, што гісторыя любіць накручваць колы. З часоў, калі ў Магілёве быў панаваў маскоўскі гарнізон, мінулі стагодзьдзі, але карціна амаль не зьмянілася.

Яшчэ ў 2018-м мясцовыя жыхары склалі пэтыцыю ў гарвыканкам з прапановай усталяваць памятную шыльду, прысьвечаную паўстаньню 1661 году на ратушы, што «будзе спрыяць росту патрыятызму і гонару магілёўцаў, а таксама патрыятычнаму выхаваньню новага пакаленьня». Чыноўнікі, якім тая любоў да роднае зямлі, як сабаку пятая нага, зразумела ж, прапанову адхілілі як… «гістарычна неабгрунтаваную»! Маўляў, старая драўляная ратуша згарэла яшчэ ў 1664 годзе і знаходзілася зусім на іншым месцы, а таму ня мае аніякага дачыненьня да ратушы сучаснай!

Як той казаў, перавялі стрэлкі. Зрэшты, чаго яшчэ чакаць ад тых, хто з году ў год стварае Магілёву імідж не цудоўнага вольналюбнага беларускага места з тысячагадовай гісторыяй, легендарным асілкам Машэкам і заўжды актуальным заклікам «Пара!», а задрыпанай правінцыі зь сьлінявым захапленьнем расейскімі імпэратарамі, тульскімі самаварамі і яраслаўскімі мядзьведзямі…

Маскоўскі, Тульскі і Хабараўскі дворыкі ў Магілёве (зьлева направа) чакаюць «яраслаўскае папаўненьне»

Да гонару магілёўцаў, далёка ня ўсе зь іх задаволеныя панаваньнем расейшчыны ў родным месьце. У камэнтарах пад відэаролікам, прысьвечаным будаўніцтву Яраслаўскага дворыка, замест адзінагалоснага ўхваленьня — лягічныя і справядлівыя пытаньні і прапановы: «Где беларуские дворики? Почему не Брестский или Гомельский? Что за Ярославль? Где он находится — хз! Давайте лучше построим Минский или Полоцкий дворики — с гербами и узнаваемыми памятниками, историческими стендами и надписями на беларуском языке!»

І гэта, заўважце, пішуць не нейкія там мітычныя злобныя беларускамоўныя змагары, якія сьпяць і бачаць, як гарыць Масква. Гэта пішуць звычайныя расейскамоўныя (!) магілёўцы. І гэта ачмурэнна!

Ролік, прысьвечаны будаўніцтву Яраслаўскага дворыка ў Магілёве, і камэнтары пад ім. Скрын з Instagram-старонкі my.mogilev

І няхай тых абураных галасоў і няшмат, а Яраслаўскі дворык, без ілюзіяў, будзе дабудаваны — нічога страшнага.

Каму як ня нам, беларусам, ведаць, што найбольш небясьпечны пажар — на балоце: часьцяком нябачны з паверхні, ён, аднак, тлее неўпрыкмет недзе ўглыбіні, набіраючы тэмпэратуру ў сотні градусаў.

Пры гэтым заліць вадою падпалены торф гэтаксама практычна нерэальна, як і прадбачыць, дзе менавіта зямля, урэшце, выбухне вогненнымі слупамі ды атрутным дымам і праваліцца, цягнучы ў пекла ўсіх, каму не пашчасьціць апынуцца ў гэты момант па-над ім.

Урэшце, і стрэлкі пераводзіць вечна немагчыма. Нават на часова зламаным гадзіньніку двойчы на содні яны абавязкова паказваюць дакладны час. Час, калі самая што ні ёсьць пара! Праўда, Магілёве?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)