Политика

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс

Калі старэйшы сын правіцеля абмяркоўваў перспектывы развіцця дзюдо, на яго руцэ красаваўся дарагі аксэсуар, заўважыла Наша Ніва.

Фота: noc.by

Інструменты ШІ ідэнтыфікуюць гадзіннік на руцэ Віктара Лукашэнкі як Ulysse Nardin. Гэта швейцарскі брэнд, створаны ў 1846 годзе. Марка нішавая, менш вядомая, чым Rolex, але знакамітая складанымі механізмамі, марской тэматыкай ды незвычайнымі мадэлямі. Цяжкі люкс як ён ёсць.

Ulysse Nardin свядома выпускае гадзіннікі невялікімі партыямі, каб падкрэсліць: іх прадукцыя для сапраўдных знаўцаў.

Па фота складана вызначыць дакладную мадэль, але вельмі падобна, што Віктар сабе набыў Marine Diver Chronograph Manufacture 44mm.

Фота: prestigetime.com

Цяпер такіх у продажы няма. На некаторых сайтах раней за аналагічныя прасілі каля 12 тысяч даляраў. Цяпер час ад часу мадэль з'яўляецца на сайтах, дзе прадаюць дарагія гадзіннікі, якія былі ва ўжыванні — цэны прыблізна ад 6 да 10 тысяч даляраў (у залежнасці ад стану).

Дарэчы, вельмі падобны гадзіннік раней насіў сенатар Дзмітрый Баскаў.

Фота: sb.by

Ёсць у калекцыі Віктара Лукашэнкі і больш дарагія экземпляры. У чэрвені «Советская Белоруссія» пісала пра тое, што прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту сустракаўся з нацыянальнай камандай па цяжкай атлетыцы.

Фота: sb.by

Тады на руцэ Віктара таксама быў люксавы гадзіннік. Імаверна, гэта быў Rolex. Зноў жа, складана высветліць дакладную мадэль, але падобна на Rolex Submariner Date.

Каштуе ён каля 20 тысяч даляраў. На другасным рынку можна знайсці такі гадзіннік папярэдняга пакалення за 13‑16 тысяч даляраў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)